Кібершпіёны кралі дыпламатычную інфармацыю ў Беларусі
- 5.06.2013, 16:59
Сетка кібершпіёнаў збірала інфармацыю з 350 кампутараў у 40 краінах свету.
Пра яе раскрыццё абвясціла «Лабараторыя Касперскага». Шпіёнская сетка атрымала назву NetTraveler. Напад зазналі дзяржаўныя і прыватныя структуры, у тым ліку ўрадавыя ўстановы, амбасады, навукова-даследчыя цэнтры, вайсковыя арганізацыі, кампаніі нафтагазавага сектара і палітычныя актывісты. Вынікі расследавання апублікаваныя на яе афіцыйным сайце (пераклад - charter97.org).
Кампанія шпіянажу пачалася яшчэ ў 2004 годзе, аднак пік яе прыйшоўся на апошнія два гады. У сферу інтарэсаў невядомых хакераў уваходзілі такія галіны, як асваенне космасу, нанатэхналогіі, энэргетыка, медыцына і тэлекамунікацыі.
Сярод краін, якія зазналі напад - Беларусь. Згодна з картай, апублікаванай на сайце «Лабараторыі Касперскага», у нашай краіне кібершпіёнаў цікавіла дыпламатычная інфармацыя.
Заражэнне кампутараў ахвяр адбывалася пры дапамозе фішынгавых лістоў з шкоднаснымі ўкладаннямі, што выкарыстоўваюць уразлівасць Microsoft Office. Нягледзячы на тое, што кампанія ўжо выпусціла патч абнаўленняў для іх закрыцця, яны ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя і часта выкарыстоўваюцца для нападаў. Назвы ўкладанняў наглядна дэманструюць мэтавы характар аперацыі: зламыснікі адаптоўвалі імя дакумента кожны раз пры адпраўленні яго ў іншую арганізацыю такім чынам, каб заахвоціць атрымальніка адкрыць файл.
Гэта не першая падобная хакерская атака. У студзені «Лабараторыя Касперскага» апублікавала справаздачу аб даследаванні маштабнай кампаніі, якая ўчынялася кіберзлачынцамі. Тады ў Беларусі было выяўлена 5 заражэнняў. Паводле звестак справаздачы, увагу невядомых кібершпіёнаў прыцягнулі дзяржустановы, амбасады, даследчыя інстытуты, нафтагазавыя кампаніі.