Калгасы «стабілізуюць» за $25 мільярдаў
- 5.06.2013, 17:52
На праграму адраджэння вёскі ў 2005-2010 гадах ужо выдаткавана 42 млрд даляраў.
Хоць першапачаткова планавалася 35 млрд даляраў, заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, адкрываючы 5 чэрвеня выставу «Белагра» у ААТ «Гастэлаўскае», паведамляе БелаПАН.
Сямашка адзначыў, што сельская гаспадарка сёння з'яўляецца экспартна-арыентаванай галіной. «У 2012 годзе экспарт прадуктаў сельскай гаспадаркі склаў 5 млрд даляраў. Гэта далося няпроста, шмат у чым дзякуючы шасцігадовай праграме адраджэння вёскі, прынятай у 2005 годзе», - паведаміў Сямашка.
Паводле ягоных слоў, новая праграма стабілізацыі вёскі на 2011-2015 гады абыдзецца дзяржаве ў 25 млрд. «Прадпрыемствы набралі шмат крэдытаў, але на надзвычай ільготных умовах. Звычайная вытворчасць не мае такіх умоў. Звычайная вытворчасць купляе, напрыклад, метал сусветным коштам, сельгаспрадпрыемствы куплялі калійныя ўгнаенні па 16-18 даляраў за тону пры тым, што сярэдні кошт на сусветным рынку - 434 даляры», - адзначыў Сямашка.
Акрамя таго, дзяржава субсідавала куплю сельгасарганізацыямі тэхнікі. «Але захады падтрымкі зніжаюцца. Сельскай гаспадарцы ўдалося стаць на ногі. Мы закрылі патрэбу ў сельгастэхніцы, раней мы яе куплялі, а цяпер прадаем, у мінулым годзе - на 1,5 млрд даляраў», - сказаў Сямашка. Пры гэтым ён адзначыў, што ў сельгаспрадпрыемстваў назапасіліся пазыкі. «Трэба пакрысе думаць, як гэтыя крэдыты вяртаць», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.