Сусветная энэргетыка: новыя гульцы - новыя правілы
- 5.06.2013, 20:51
Гаворка ідзе аб фармаванні новага парадку ў сусветнай энэргетыцы.
Часы, калі краіны Персідскай затокі непадзельна верхаводзілі на энэргетычным рынку Захаду, засталіся ў мінуўшчыне.
Гульцы цалкам памяняліся, піша французскае выданне Slate (пераклад - Inosmi.ru).
СМІ як апантаныя (хоць у гэтым выпадку суздром апраўдана) сочаць далей за кровапраліццем у Сірыі, эканамічным крызісам у Еўропе ды іншымі палітычнымі скандаламі, якія конча ўсплываюць у загалоўках навін.
Тым не менш, сёння адбываецца не надта прыкметная на першы погляд рэвалюцыя, якая вядзе да карэнных пераўтварэнняў у свеце. Гаворка ідзе аб фармаванні новага парадку ў сусветнай энэргетыцы.
Вось некалькі ключавых падзей, якія радыкальным чынам мяняюць энэргетычны сэктар, рынкі і наогул увесь свет.
Кітай стаў найбуйнейшым спажыўцом энэрганосьбітаў
У 2010 годзе Кітай пакінуў ззаду ЗША, якія да таго моманту былі найбуйнейшым на планеце спажыўцом энэргарэсурсаў. У гэтым годзе аб'ёмамі спажывання ён на цэлых 4% абышоў ЗША, канчаткова зрушыўшы сусветную звышдзяржаву з першага месца, якое яна займала з 1990 года. Акрамя таго, Кітай выйшаў у лідэры ў вырабе «чыстай» энэргіі (найперш гэта тычыцца сонечных батарэй і ветракоў). Нарэшце, на яго тэрыторыі размешчаныя 26 з 63 будаваных цяпер ва ўсім свеце атамных электрастанцый.
Сланцавая рэвалюцыя
Тэхналогія здабычы прыроднага газу з гэтых парод стала адной з найбуйнейшых інавацый за доўгія гады. Дзякуючы гэтым новым методыкам ЗША пад 2020 год могуць стаць найбуйнейшым экспарцёрам энэрганосьбітаў у свеце.
Акрамя таго, у Польшчы, Мэксікі, Кітая і Францыі з'явіцца больш прыродных рэсурсаў. У той жа час, існуе мноства асцярог наконт экалагічных наступстваў здабычы сланцавага газу. Паляпшэнне тэхналогій і ўвядзення нацыянальных рэгламентаў павінна знізіць рызыкі... Будзем спадзявацца, што гэта спрацуе!
Галоўныя гульцы ў энэргетыцы больш не знаходзяцца на Блізкім Усходзе
Новыя вытворцы вуглевадародаў з заходняй паўкулі ставяць пад пытанне энэргетычную гегемонію Блізкага Ўсходу. У Бразіліі былі адкрытыя велізарныя марскія радовішча нафты. У Канадзе і Венесуэле знаходзяцца найбуйнейшыя ў свеце запасы цяжкай нафты. Мэксіка зноў стане значным вытворцам, тады як Калумбія ўпершыню заявіць пра сябе на энэргетычным рынку. Што да ЗША, яны паступова становяцца чыстым прадаўцом, то бок дзяржавай, якая экспартуе больш, чым імпартуе. Амерыка зноў ператвараецца ў энэргетычны цэнтр планеты.
Уздым афрыканскай нафты
У мінулым сярод усіх афрыканскіх краін буйнымі экспарцёрамі газу і нафты былі толькі Нігерыя, Лібія, Алжыр і Габон. Але гэтыя часы прамінулі. Усё больш і больш афрыканскіх дзяржаў пачынаюць адыгрываць значную ролю ў гэтым сэктары. Экватарыяльная Гвінея і Рэспубліка Конга сталі буйнымі вытворцамі. Гана, Судан і Уганда ператварыліся ў нафтавыя дзяржавы. Танзанія і Мазамбік экспартуюць прыродны газ. Кенія, Мадагаскар і Этыёпія занятыя рэалізацыяй пэрспэктыўных праектаў.
Цяперака здабычай нафты і газу займаюцца не менш як 17 афрыканскіх краін, і кантынент імкліва нарошчвае прысутнасць на энэргетычных рынках.
«Сем сясцёр» больш не самотныя
Большую частку ХХ стагоддзя нафтавы сэктар фактычна належаў сямі найбуйнейшым прадпрыемствам, якія ахрысцілі «сямю сёстрамі» (Exxon, Shell і г.д.). Яны трымалі пад кантролем усе сфэры дзейнасці, ад выведкі радовішчаў да канчатковай рэалізацыі прадукцыі сярод спажыўцоў. Картэль пачаў раскідацца на часткі пасля ўзнікнення так званых «незалежных» кампаній і шырокага распаўсюду дзяржаўных прадпрыемстваў, такіх як саудаўская Aramco, венесуэльская PDVSA або іх аналагі з эміратаў Персідскай затокі.
З 1990-х гадоў некаторыя нацыянальныя кампаніі пачалі ўкладаць сродкі ў вытворчасць за межамі іх дзяржаў. Сёння на іх прыпадае 52% сусветнай здабычы нафты і 88% запасаў.
Акрамя таго, сотні незалежных кампаній, якія ніяк не звязаныя з «сямю сёстрамі» або нацыянальнымі прадпрыемствамі, значна змянілі аблічча канкурэнцыі на рынку. Новая сітуацыя ў энэргетыцы характарызуецца жорсткім спаборніцтвам прадпрыемстваў з велізарнага мноства краін з зусім рознымі ўладальнікамі, задачамі, стратэгіямі і тэхналогіямі.
Канкурэнцыя сталася рэвалюцыйнай зменай у энэргетычным сэктары.
Міжнародныя дасягненні кітайскіх нафтавых прадпрыемстваў
Да 1990-х гадоў у кітайскіх нафтавых кампаній не было асаблівай вагі. У 2013 годзе яны працуюць паўсюль і набылі статус ключавых гульцоў. За вельмі невялікі тэрмін дзель замежнай вытворчасці такіх кампаній як CNPC, CNOOC і Sinopec узрасла да 20%.
Так, напрыклад, PetroChina вырабляе больш нафты, чым ExxonMobil. Стратэгія кітайскага ўрада палягае ў дывэрсіфікацыі крыніц забеспячэння і забеспячэнні бесперапынных паставак. Такім чынам, кітайскія нафтавыя кампаніі граюць ключавую ролю ў гэтай ініцыятыве, якая мае вялікае значэнне для стабільнасці краіны.
Адна з самых дзіўных асаблівасцяў новага парадку, які цяпер вымалёўваецца ў сусветнай энэргетыцы, у тым, што ў нас больш не будзе прычын турбавацца наконт нястачы прапановы. Як адзначаецца ў аналізе Citigroup, попыт на нафту набліжаецца да максімальнай адзнакі: пачынаючы з 2020 года ён пакіне расці або нават пойдзе на спад. Усе гэтыя змены, безумоўна, зробяць прыкметнае ўздзеянне на жыццё спажыўцоў.