Пінгвін стаў сімвалам турэцкай рэвалюцыі
- 7.06.2013, 13:03
Антыўрадавыя пратэсты ў Турцыі працягваюцца ўжо другі тыдзень.
У ходзе сутыкненняў ужо загінулі чацвёра і пацярпелі звыш 3,5 тысяч чалавек. Прэм'ер Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган, якога абвінавачваюць у ісламізацыі краіны, па прыбыцці ў аэрапорт Стамбула пасля турнэ па Афрыцы звярнуўся да грамадзян з патрабаваннем спыніць беспарадкі, перадае Washington Post.
«Гэты пратэст, які выходзіць за рамкі закона, павінен быць завершаны зараз жа», - заявіў ён тысячам чалавек, якія чакалі яго ў аэрапорце. Ён таксама заявіў, што не разглядае патрабаванні апазіцыі адправіць яго ў адстаўку, перадае ABC.
«Я законны прадстаўнік народа. Усе разам мы браты. Мы не можам падтрымліваць гвалт», - сказаў Эрдаган.
Пры гэтым прэм'ер-міністр Турцыі раскрытыкаваў журналістаў, абвінаваціўшы іх у «падбухторванні да пратэстаў».
Тым часам дэманстранты ўпэўненыя, што як раз да галоўных СМІ краіны уладам прычапіцца няма за што, бо там дзейнічае жорсткая самацэнзура, што раздражняе актывістаў, піша Time. Замест таго, каб паказваць пратэсты, каналы запускаюць кулінарныя перадачы і праграмы пра жывёл.
«Уключаеш CNN International: там пратэсты, слёзацечны газ, і паліцыянты збіваюць людзей. Затым пераключаеш на CNN Turkey - а там дакументальны фільм пра пінгвінаў. Каментары залішнія», - кажа мясцовы жыхар. У прыватнасці, гэты пінгвін нават стаў сімвалам пратэстаў. Яго можна ўбачыць на футболках і сцягах маніфестантаў, якія такім чынам пратэстуюць супраць замоўчвання. Па словах дэманстрантаў, з-за цэнзуры ў СМІ многія туркі, якія жывуць у глыбінках, не ведаюць пра тое, што робіцца ў краіне, піша NEWSru.com.
Як ні дзіўна, тэлеканалы нават прызнаюць свае памылкі.
«Наша аўдыторыя, магчыма, адчувае сябе здраджанай», - сказаў генеральны дырэктар NTV Сем Айдзін, дадаўшы, што крытыка, якая абрынулася на канал, у «пэўнай ступені справядлівая».
Актывістам застаецца разлічваць толькі на сябе. Інфармацыяй аб пратэстах, месцах збораў і апошнімі навінамі дэманстранты дзеляцца ў сацсетках. Асаблівую актыўнасць турэцкіх інтэрнэт-карыстальнікаў нават адзначаюць навукоўцы. У дакладзе спецыялістаў Нью-Йоркскага ўніверсітэта сацыяльных сетак, апублікаваным на сайце The Monkey Cage, гаворыцца, што 31 траўня, напрыклад, за хвіліну ў Турцыі публікавалі каля 3000 паведамленняў у Twitter. Праўда, такая актыўнасць небяспечная для блогераў. Эрдаган на днях абвінаваціў сацсеткі ў распальванні беспарадкаў. У прыватнасці, Twitter ён назваў «галоўнай крыніцай непрыемнасцяў». Пасля гэтага ў горадзе Ізмір былі затрыманыя не менш 25 карыстальнікаў Сеткі па абвінавачванні ў «паклёпе» і «дэзінфармацыі». Пазней іх вызвалілі.
Рэджэп Тайіп Эрдаган знаходзіцца ва ўладзе з 2002 года, і некаторыя ў Турцыі лічаць, што краіна скочваецца да аўтарытарызму.
Нядаўна парламент прыняў закон, які абмяжоўвае продаж і ўжыванне алкагольных напояў.
Адказваючы крытыкам, турэцкі прэм'ер заявіў, што хоча спыніць «хістанне моладзі ў п'яным выглядзе», а не спрабуе навязаць мусульманскія каштоўнасці.
Члены яго Партыі справядлівасці і развіцця пазіцыянуюць сябе як ўмераных кансерватараў і прыхільнікаў палітычнага ісламу. Сам Эрдаган падкрэслівае, што верны прынцыпу свецкасці ўлады ў Турцыі.