У сталіцы масава крадуць дзяржнумары аўтамабіляў
- 8.06.2013, 21:33
Незаконны бізнэс або звычайнае хуліганства?
У сталічным мікрараёне Сухарава ўжо другі раз за апошнія месяцы зафіксаваны масавы крадзеж нумароў з аўтамабіляў. І такія выпадкі не рэдкасць у Менску. Самаходы застаюцца без Дзяржзнакаў з зайздроснай перыядычнасцю. Хуліганы караюцца, а аўтамабілісты раз за разам афармляюць новыя нумары, марнуючы свой час і грошы, паведамляе СТВ.
Першы раз больш за 20 аўтамабіляў жыхароў мікрараёна Сухарава засталіся без дзяржнумароў 1 красавіка. Але высветлілася, непрыемны жарт мясцовых хуліганаў у Менску паўтараецца з зайздроснай рэгулярнасцю. Падобная сітуацыя была ў верасні мінулага года. Тады нумары атрымалася вярнуць.
«У верасні праз тры дні супрацоўнікамі ДАІ Цэнтральнага раёна ў вадасцёкавай трубе ў раёне Менскай кальцавой аўтадарогі былі выяўленыя ўсе нумары і вернутыя ўладальнікам», - кажа Вераніка Стрэльскага, прэс-афіцэрка Фрунзенскага РУУС Менска.
А асабліва нешчаслівым аўтаўладальнікам, якія пацярпелі ад жартаў хуліганаў, давядзецца праходзіць працэдуру атрымання новых нумароў. Штодня з крадзяжом нумароў з аўтамабіляў сутыкаюцца тры-чатыры менчукі.
Аляксандр Абрамовіч, інжынер транспарту міжраённага рэгістрацыйнага аддзела УДАІ ГУУС Менгарвыканкама, тлумачыць: «Калі скралі нумар, трэба звярнуцца ў РАУС на месцы крадзяжу, атрымаць дакумент, што звярталіся з нагоды крадзяжу нумару. З ім трэба прыехаць да нас, аформіць заяву на атрыманне новых нумароў, прайсці агляд аўтамабіля на пляцоўцы агляду і атрымаць новыя нумары».
Гэтая працэдура зойме прыкладна адзін дзень і палегчыць партманэт на 300 тысяч. На жаль, аўтаўладальнікам, якія пацярпелі, не даводзіцца разлічваць на тое, што нумары знойдуць, а з хуліганаў спагоняць гэтыя выдаткі.
Паводле гэтых фактаў было адмоўлена ў распачынанні крымінальнай справы, бо дзяржнумары з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю, а не прыватнай, і іх кошт не перавышае двух базавых адзінак. Хто іх выкрадаў і з якой мэтай, у міліцыі сказаць не могуць.
У Расеі, дарэчы, квітнее бізнэс на знятых нумарах.
«Крадуць нумары, пакідаюць тэлефон і прапаноўваюць іх выкупіць, таму што думаюць, што чалавек лепш аддасць нейкую суму грошай, чым паедзе ў Менск купляць новыя нумары», - тлумачыць Абрамовіч.
Праваахоўнікі раяць адразу выклікаць міліцыю. Толькі ў гэтым выпадку вымагальнікаў можна затрымаць. А, каб не давялося шукаць тых, хто крадзе нумары і чарговы раз ездзіць па дзяржнумары, аўтаўладальнікі, якія жывуць у мікрараёне Сухарава, збіраюцца ўсталяваць у дварах відэакамеры.