Трывожны званок для «чырвоных дырэктараў»
- 9.06.2013, 10:10
Крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара ААТ «Гроднарыба» можа мець наступствы для кіраўнікоў буйных дзяржпрадпрыемстваў.
Правіннасць, за якую яго хочуць пакараць, раней ніколі не станавілася аб'ектам крымінальнага пераследу, піша «Народная воля».
Як паведамляе сайт МУС, дырэктар ААТ «Гроднарыба» - прадпрыемствы, асноўным заснавальнікам якога з'яўляецца дзяржава, падазраецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (службовая халатнасць).
«Падазраваны, валодаючы пэўнай інфармацыяй аб патрэбе аплаты грашовых сродкаў у суме амаль 340 мільёнаў рублёў за пастаўленую прадукцыю паводле ўкладзеных кантрактаў куплі-продажу, наўмысна не забяспечыў своечасовае правядзенне названай аплаты двум прадпрыемствам - прадаўцам з Вялікабрытаніі і Менска», - паведаміла старшая оперупаўнаважаная ў асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Рэспублікі Беларусь Вераніка Пасмецьева.
Аператыўнікі выявілі, што ААТ «Гроднарыба» мела абарачальныя сродкі і магло аплаціць пастаўку тавару. Больш за тое, іншым прадаўцам аплата праводзілася своечасова, а аплата названым вышэй юрыдычным асобам своечасова не правялася на вусны загад дырэктара ААТ.
Такім чынам, неправамерныя дзеянні кіраўніка сталі падставай вынясення Гаспадарчым судом г. Менска пастановы аб спагнанні з ААТ «Гроднарыба» на карысць названых юрыдычных асоб сумы запазычанасці, а таксама штрафных адсоткаў. У выніку ААТ «Гроднарыба» была прычыненая шкода ў асабліва вялікай суме больш за 192 мільёны рублёў.
Дарэчы, паўгода таму была распачатая крымінальная справа супраць намесніка дырэктара прадпрыемства.
Матывы, якія рухалі намеснікам пры стварэнні перашкод добрасумленным контрагентам, будуць вывучаныя падчас следства. Але не сакрэт, што такімі дзеяннямі ў бізнэсоўцаў зазвычай вымагаюць хабар. Такім чынам, у Гародні прагучаў трывожны званок для многіх «чырвоных дырэктараў».