BE RU EN

Беларускае войска спрадае аблавушкі і трацілавыя шашкі

  • 9.06.2013, 15:36

Узброеныя Сілы пільна шукаюць пакупнікоў маёмасці.

У раздзеле «Гарачыя прапановы» на старонцы Управы матэрыяльных рэсурсаў - амаль тысяча найменняў тавараў: ад бронетранспарцёра да скальпеля і кубкаў для кавы, перадае тэлеканал «Белсат».

Продажам непатрэбных войску рэчаў займаецца ўпаўнаважаная арганізацыя «Белспецкантракт». Управа матэрыяльных рэсурсаў Узброеных сіл, у сваю чаргу, збірае прапановы ад іншых аддзелаў.

Напрыклад, бронетанкавы выставіў на продаж шэсць адзінак тэхнікі, у тым ліку бронетранспарцёр МТ-ЛБ. У паветрана-дэсантных войсках знайшліся непатрэбныя парашуты і выратавальныя камізэлькі. Атаварыўшыся ў рэчавым дэпартамэнце, можна насмелую здымацца ў кіно: тут і аблавушкі, і ватоўкі, і палявыя торбы.

Для «сапраўдных патрыётаў» - фотаапарат і радыёпрымач ад Галоўнай управы ідэалагічнай работы. Дзякуючы харчоваму дэпартамэнту можна стаць уладальнікам палявой кухні, алюмініевых талерак, кубкаў і нават перасоўнага хлебазавода.

Інжынерныя войскі афіцыйна прадаюць трацілавыя шашкі - для «выканання выбуховых работ у грунце, разбурэння выбухным спосабам драўляных, металічных і жалезабетонных канструкцый».

З рэзэрвуараў для паліва робяць басэйны.

Інфармацыю аб таварах з вайсковай мінуўшчынай можна знайсці не толькі на інтэрнэт-старонцы. Штогод праводзяцца выставы-продажы. Апошняя прайшла ў канцы траўня на базе захоўвання і рамонту тэхнікі службы паліва ў Міханавічах.

Дзяржаўныя арганізацыі і прадпрымальнікі цікавіліся найперш вайсковымі аўтамабілямі, якія бралі таксама на запчасткі. Гандляр запчасткамі для грузавікоў набыў «Урал-4320» за Br 45 млн, з ягоных слоў, такі кошт апраўданы, бо рынкавая вартасць аднаго толькі рухавіка складае Br 10 млн. Старымі «Ураламі» цікавіліся таксама пажарнікі, якім часта бракуе сваёй тэхнікі.

Апошнія навіны