Мадура прывязе Сноўдэна ў Менск?
- 1.07.2013, 9:41
Прэзідэнт Венесуэлы можа асабіста вывезці збеглага супрацоўніка ЦРУ з Масквы.
Пра гэта заявіла крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, пішуць «Известия».
Пытанне аб прадастаўленні палітычнага прытулку для Эдварда Сноўдэна будзе падымацца на сустрэчы двух палітыкаў. «Але канчатковае рашэнне аб магчымасці прадастаўлення палітычнага прытулку і спосабе перамяшчэння ў Каракас прыме Нікалас Мадура», - дадаў ён.
Прэзідэнт Венесуэлы прыме ўдзел у газавым саміце ў Маскве 1-2 ліпеня. З расейскай сталіцы ён накіруецца ў Менск, дзе чакаецца яго сустрэча з Лукашэнкам. Некалькі дзён таму Нікалас Мадура заявіў, што гатовы дапусціць на тэрыторыю сваёй краіны былога супрацоўніка ЦРУ, калі атрымае ад яго адпаведную просьбу.
Раней паведамлялася, што Лукашэнка можа даць прытулак былому супрацоўніку ЦРУ, які распавёў журналістам пра праграму па зборы асабістых дадзеных грамадзян. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расеі па міжнародных справах Леанід Калашнікаў. Чыноўнік не выключыў верагоднасці таго, што з Масквы былы агент ЦРУ накіруецца ў Менск.
25 чэрвеня стала вядома, што Сноўдэн пакуль не звяртаўся ў беларускі МЗС з просьбай пра палітычны прытулак.