«Камуналка» падаражэе ў лютым
- 16.01.2014, 13:32
За некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі жыхары Менска ў лютым заплацяць больш, чым у студзені.
«Пра павышэнне тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце пытанне пакуль не стаіць - літаральна перад новым годам пэўныя зрухі былі. Па пытаннях тарыфаў на паслугі ЖКГ некаторыя змены будуць», - паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення антыманапольнай і коштавай палітыкі Менгарвыканкама Мікалай Крыжэвіч у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае «Інтэрфакс».
«Па тых напрамках, якія тычацца Менгарвыканкама, намі ўжо прынятае рашэнне па тэхабслугоўванні: замест Br500 за 1 кв.м агульнай плошчы жылля, якія насельніцтва плаціць на сённяшні дзень, спажыўцы будуць плаціць Br600 - тарыф павялічыўся на 20%. Па вадзе рашэнне таксама ўжо ёсць. Тарыфы ўступілі ў сілу з 1 студзеня, але плаціць па іх мы будзем ужо ў лютым», - дадаў спецыяліст.
Мікалай Крыжэвіч нагадаў, што ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам N550 ад 5 снежня 2013 года аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму перададзеныя функцыі рэгулявання тарыфаў на паслугі па тэхнічным абслугоўванні, капітальным рамонце, карыстанні жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, акрамя жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, водазабеспячэнню, каналізацыі (водаадвядзенню), карыстанню ліфтамі.
За ўрадам захаванае рэгуляванне тарыфаў на паслугі па газа-, электра-і цеплазабеспячэнню, платы за карыстанне жылымі памяшканнямі ў інтэрнатах дзяржаўных устаноў адукацыі.
«Тарыфы на электраэнергію і цяпло зацвярджаюцца пастановамі Саўміна, таму, я думаю, пэўныя зрухі ў рамках спынення перакрыжаванага субсідавання, вядома ж, будуць. Але пры ўмове, што адпаведныя тарыфы для прадпрыемстваў стануць ніжэй», - адзначыў Крыжэвіч.