Расея дасць Беларусі адтэрміноўку ў выплаце запазычанасці
- 16.04.2015, 14:30
Беларусь і Расея дамовіліся аб рэфінансаванні беларускіх выплат дзяржаўнай запазычанасці, якія Менск выплачвае ў 2015 годзе.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у чацвер журналістам у Менску, паведамляе "Інтэрфакс".
"Ёсць дамоўленасць з Расеяй, што мы цалкам рэфінансуем нашы выплаты, якія мы ажыццяўляем у 2015 годзе РФ як паводле міждзяржаўнай запазычанасці, так і паводле запазычанасці Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС", - сказаў ён.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што "ёсць адпаведныя пастанова і дамоўленасць, і іх фармалізацыя знаходзіцца на фінішнай стадыі".
"Гаворка ідзе пра тое, што тую суму сродкаў, які мы выплачваем у адпаведнасці з нашымі пазыковымі абавязкамі перад РФ, расейскія партнёры пагадзіліся рэфінансаваць", - сказаў прэм'ер-міністр.
Як заяўляў на пачатку красавіка Аляксандр Лукашэнка, Беларусь вядзе перамовы з Расеяй аб рэфінансаванні дзяржаўнай запазычанасці.
"Мы праводзім перамовы аб рэфінансаванню запазычанасці. Думаю, мы здолеем дамовіцца", - сказаў Лукашэнка.
Разам з тым тады ён адзначыў, што Беларусь можа выканаць свае абавязанні і без рэфінансавання. "У нас бюджэт складзены так, што мы можам сёлета выплаціць $2-3 млрд", - адзначыў ён.
Раней таксама паведамлялася, што на пачатку красавіка Расея дала Беларусі крэдыт на $110 млн, стаўка крэдыту складзе паўгадавы Libor плюс прыкладна адзін пункт. Сплачваць гэты крэдыт Беларусь пачне толькі ў 2019 годзе і будзе рабіць гэта да 2025 года дзвюма ратамі штогод (у лютым і жніўні).
Дзяржаўная завінавачанасць Беларусі на 1 студзеня 2015 года склала 197,5 трлн рублёў, або 25,4% УБП. Пры гэтым на замежную запазычанасць прыпадала $12,6 млрд (19,2% УБП). Годам раней дзяржаўная запазычанасць складала 23,7% УБП, з яе замежная - 18,2% УБП.
У 2015 годзе Беларусі трэба сплаціць замежную запазычанасць на суму $4 млрд, з якіх $ 3 млрд складаюць выплаты асноўнай завінавачанасці і $1 млрд - яе абслугоўванне.