BE RU EN

«Гэта злачынства!»: Маладзечанцы бурна адрэагавалі на планы ўшчыльнення

  • 10.12.2017, 17:16

Жыхары Маладзечна гатовыя біцца за свае правы.

30 лістапада ў Маладзечне прэзентавалі праекты двух дзевяціпавярховых дамоў у раёне жылых дамоў на вуліцах Вялікі Гасцінец 117, 119 і Міру 10, 12, піша kraj.by.

Архітэктары абяцаюць ушчыльніць двары з улікам усіх нормаў. А жыхары дамоў па Вялікім Гасцінцы не вераць у гэта і сцвярджаюць, што ў іх ёсць афіцыйная забарона на будаўніцтва, выдадзеная яшчэ ў 1996 годзе.

З прэзентацыі мерапрыемства хутка перарасло ў гарачыя дэбаты. Яшчэ да яго пачатку зала гула галасамі незадаволеных маладзечанцаў.

Маладзечанцы, якія прыйшлі на прэзентацыю, не хочуць ушчыльняцца

– Не хочам глядзець на вашы малюнкі, нам ад іх моташна, – шапталіся пажылыя жанчыны на першых шэрагах.

– Нам праз гэты дзевяціпавярховік сонца цяпер увогуле не свеціць, – казалі іншыя.

– Гэта злачынства! – распальваліся трэція.

Маладзечанцы маглі пазнаёміцца з праектамі дзевяціпавярховак

Кіраўніца аддзела архітэктуры Святлана Хрусталёва спрабавала знізіць градус напружання і заклікала ўсіх да спакою і ўзаемапавагі.

– Паважаныя грамадзяне, – звярнулася яна, – зразумейце, яшчэ ніхто тут нічога не будуе. Ёсць толькі акт выбару надзелу, які дазваляе на ім праектаваць. Калі праекты не пройдуць экспертызу, ніякай будоўлі не будзе.

Але жыхары дамоў настроеныя скептычна нават да патэнцыйнага будаўніцтва. Яны мяркуюць, што пры такой шчыльнай забудове дрэнна будзе і навасельцам, і ўжо тым больш мясцовым.

Нягледзячы на тое, што ў прысутных розныя адрасы – Міру і Вялікі Гасцінец, – праблемы ў іх агульныя. Калі дзевяціпавярховікі ўсё-такі ўзвядуць, дамы будуць стаяць «вокны ў вокны», большасць кватэраў страціць сонечнае святло, не будзе хапаць парковак, якія і цяпер у дэфіцыце, а дзецям і падлеткам не стане дзе бавіць вольны час.

«Для каго мы ўшчыльняемся?»

Адзін з кароткіх маналогаў жыхаркі Маладзечна сарваў воплескі прысутных:

– Вось вы кажаце, 11 000 чалавек стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў у Маладзечне. А давайце прааналізуем, колькі кватэраў патрапіла тым, хто рэальна мае патрэбу? Тэлефануеш у УКБ, пытаешся, хто можа набыць кватэру ў толькі што пабудаваным доме. І ў адказ чуеш: любы ахвотны, нават мянчанін або масквіч. Пра што гэта кажа? Для каго мы ўшчыльняемся?

Жыхарка Маладзечна не разумее, для каго будуюць дамы

Святлана Хрусталёва ў адказ на такое меркаванне маладзечанкі прывяла контраргумент:

– Цяпер УКБ будуе два дзелевыя дамы. І на сёння ў 36-кватэрны дом па Будаўнікоў толькі тыя, хто мае патрэбу, падалі 280 заяваў. І гэта першачарговыя катэгорыі грамадзянаў – шматдзетныя сем'і, сіроты.

«Як уводзіць новы дом пры дрэнных сетках?»

Адзін з мужчынаў, выслухаўшы абурэнні суграмадзянаў, таксама надумаў задаць сваё пытанне. Ён сумняваецца, і ў гэтым яго падтрымліваюць суседзі, што старыя сеткі вытрымаюць узвядзенне новай шматпавярхоўкі.

– Існуе водаправод, магутнасць якога разлічаная на падачу дамоў, якія ў гэтым раёне ёсць. І я магу сказаць, што ў нашым доме №119 (па вул. Вялікі Гасцінец. – заўв. Kraj.by) з 7-га да 10-га паверха ўжо цяпер вада дрэнна паступае, а часам яе зусім няма. Што вы будзеце рабіць, калі ўзведзяце новы дом? Бо патрэбнасць вады павялічыцца, а магутнасці не будзе хапаць?

– Нашым дамах 50 гадоў, – падключаецца ягоная суседка. – Кожны раз, калі ўключаюць ацяпленне, трубы рвуцца. І як вы думаеце на гэтых няшчасных напаўжывых, благіх камунікацыях будаваць 9-павярховы дом?

Галоўны інжынер УКБ Андрэй Казунка мяркуе, што сродкі, вылучаныя на праектаваны дом, дазволяць рэканструяваць існыя сеткі і акультурыць двары. Жывыя прыклады таму – нядаўна пабудаваныя дамы на Вялікім Гасцінцы і Валынцы.

– Вы зразумейце, – тлумачыць ён. – У бюджэце на эксплуатацыю горада сродкаў не хапае. Многія пазіцыі «Камунальнік» не можа закрыць. Будаўніцтва пэўных дамоў дапамагае гораду ў рэканструкцыі цеплавых сетак, водаправоду, каналізацыі, ва ўладкаванні двароў. Мы на 100% упэўненыя, што гэтыя раёны будуць добраўпарадкаваныя дадаткова.

«Вы цяпер апошні кавалак сонца ў мяне забіраеце»

Сярод тых, хто прыйшоў на сустрэчу з архітэктарамі, былі не толькі пажылыя людзі, але і маладыя пары, сем'і з дзецьмі. Адзін з такіх маладых мужчынаў адзначыў, што праектаванне новых дамоў выклікае пытанне выканання не толькі тэхнічных нормаў, але і «чалавечых». Паводле ягоных словаў, ужо цяпер найбліжэйшыя сады перапоўненыя. І сваю дачку яму даводзіцца вазіць у дзіцячы садок на Лясных. Тая ж доля, мяркуе ён, чакае і жыхароў патэнцыйнай новабудоўлі.

– Мы не супраць будаўніцтва, – падкрэслівае ён. – Я сам сярод гэтых 11 000 людзей, якім трэба палепшыць жыллёвыя ўмовы. Але не на галовах жа будаваць! Гэтая новабудоўля стане роўна насупраць майго акна, на чатыры паверхі вышэй за яго. А дзе святло? Я кожны год мяняю шпалеры праз вільгаць. Вы цяпер апошні кавалак сонца ў мяне забіраеце!

Малады мужчына не рады таму, што дамы будуць стаяць блізка адзін да аднаго

Праз ухвальныя воклічы і незадаволеныя каментары прагучаў голас дырэктара ТАА ПСП «Проектстрой» Івана Аўчыннікава. Ён адзначыў, што падзяляе настрой людзей, і на іх месцы таксама быў бы супраць будаўніцтва гэтых дамоў. Некаторыя з аргументаў жыхароў ён мяркуе абгрунтаванымі і нават прымае іх.

– Але я таксама разумею і кіраўніцтва Маладзечна, якое ў такіх варунках выбірае надзелы для будаўніцтва і спрабуе хоць неяк развязаць праблему ўшчыльнення горада, – заявіў ён. – У горадзе не стае новых пляцовак, а каб атрымаць ворную зямлю блізу 6 або 7 мікрараёнаў, патрэбны дазвол прэзідэнта. Хочацца знайсці кампраміс, каб і праблемы з чаргой развязаліся, і забудоўнік быў задаволены і вашыя інтарэсы не ўшчамляліся. Я ўпэўнены, што можна пабудаваць дамы, не парушаючы будаўнічых, санітарных нормаў і дзейных нарматываў у забудове гарадскіх тэрыторыяў. Інсаляцыя правяралася як суседніх дамоў, так і праектаванага дома. Спецыялісты рабілі разлікі. Дом тут пасаджаны не выпадкова, – сказаў Іван Аўчыннік.

Апошнія навіны