У Лепелі ўлады зладзілі «паляванне» на мясцовых баптыстаў
- 10.12.2017, 20:59
Мясцовыя ўлады ўсяляк перашкаджаюць служэнню баптысцкай суполкі.
У Лепелі з сярэдзіны кастрычніка мясцовыя баптысцкія вернікі сістэматычна падпадаюць пад штрафы за прапанову мінакам рэлігійнай літаратуры каля базару, піша сайт krynica.info.
«Я займаюся вулічным бібліятэчным служэннем 16 гадоў, прапаноўваючы пачытаць Бібліі, дзіцячыя кнігі і часопісы. І больш за дзесяць гадоў не было ніякіх праблем», - адзначыў адзін з удзельнікаў інцыдэнту Андрэй Фокін.
Першы раз яго затрымалі 14 кастрычніка. Ён быў абвінавачаны ў парушэнні ч.1 арт.23.34 КоАП за «несанкцыянаваную масавую акцыю». 20 кастрычніка суддзя Лепельскага раённага суда Наталля Сушко вынесла яму папярэджанне, паведамляе Forum18.
Аднак ужо 21 кастрычніка Андрэй Фокін зноў распаўсюджваў хрысціянскую літаратуру каля базару, за што 27 кастрычніка быў аштрафаваны на падставе ч.3 арт.23.34 КоАП за паўторнае на працягу года парушэнне закона аб масавых акцыях на 460 рублёў. Таксама паводле ч.1 арт.23.34 былі вынесеныя папярэджанні жонцы Андрэя Таццяне і брату Сяргею.
28 кастрычніка Андрэй Фокін быў затрыманы з літаратурай каля базару трэці раз. Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, а 30 кастрычніка суддзя Алеся Новік аштрафавала яго яшчэ на 575 рублёў. У той жа дзень Таццяна Фокіна была аштрафаваная на 460 рублёў на падставе ч.3 арт.23.34 КоАП. «Гэтыя штрафы больш чым удвая перавышаюць мой месячны заробак», - сказаў Андрэй Фокін.
Тым не менш, намагаючы свайго права на свабоду сумлення, лепельскія баптысты 4 лістапада працягнулі сваю прапаведніцкую і бібліятэчную актыўнасць каля гарадскога базару. Аднак міліцыя на чале з маёрам Алегам Аўтухом затрымала дзевяцярых баптыстаў, пры гэтым на Андрэя Фокіна і Івана Трынду былі надзетыя кайданкі, а самі яны атрымалі траўмы.
«Міліцыянты паводзілі сябе вельмі груба, асабліва старшыя афіцэры. Мой твар быў траўмаваны, а рукі сябра былі так сціснутыя кайданкамі, што здранцвелі. Яны не ведалі, што чынілі. Яны атрымалі загад і таму так сябе паводзілі», - распавёў Андрэй Фокін, які падаў скаргу ў пракуратуру.
Таксама 10 лістапада ў суд «для размовы» быў выкліканы ягоны брат Сяргей Фокін, якога там жа як рэцыдывіста аштрафавалі на падставе ч.3 арт.23.34 КоАП на 460 рублёў. Суда яшчэ чакаюць шэсць іншых баптыстаў. Характэрна, што ні ў водным з выпадкаў кнігі і часопісы ў вернікаў не канфіскоўваліся.
У судзе і міліцыі з прадстаўнікамі Forum18 размаўляць адмовіліся, а ў пракуратуры адзначылі, што скаргай на жорсткае абыходжанне займаецца Следчы камітэт.
Са слоў праваабаронцы Вікторыі Фёдаравай, «калі міліцыянты перавышаюць свае паўнамоцтвы, іхнія дзеянні можна ўспрымаць як парушэнне арт.426 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае да трох гадоў зняволення. Аднак, адзначыла яна, на практыцы чакаць пакарання супрацоўнікаў міліцыі не варта.
«Нас судзяць за веру ў Бога. Мы пакланяемся, каб пагадзіць людзей з Богам», - падкрэсліў Андрэй Фокін, дадаўшы, што лепельскія баптысты не пераследуюць палітычных мэт і проста размаўляюць з людзьмі, ахвочымі «пачуць пра збавенне іхніх несмяротных душ».
Між тым начальнік ідэалагічнага аддзела Лепельскага райвыканкама Ігар Урбан адзначыў, што пераслед звязаны з тым, што гэтая група вернікаў адмаўляецца праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю, што прывяло да скаргаў з боку іншых людзей і канфесій.
Мясцовыя баптысты, якія валодаюць рэгістрацыяй, заявілі, што незарэгістраванымі баптыстамі раённыя ўлады заняліся з ліпеня. Пры гэтым яны адзначылі, што «ўлады пераследуюць не тых людзей».
Тым не менш, лепельскі ідэолаг Ігар Урбан намагае, што незарэгістраваныя баптысты раздражняюць людзей, «праводзячы свае рытуалы на ўваходзе на гарадскі базар, спяваючы песні і раздаючы літаратуру». На пытанне, ці з'яўляюцца спевы злачынствам, ён падкрэсліў, што «гэта парушэнне закона аб масавых акцыях».
Паводле ягоных слоў, улады ахвочыя да супрацоўніцтва, калі яны атрымаюць дзяржаўную рэгістрацыю і зацверджанае дзяржавай месца для пакланення. Пры гэтым мясцовыя незарэгістраваныя баптысты належаць да аб'яднання, якое прынцыпова адмаўляецца ад дзяржаўнай рэгістрацыі.