«2017 стаў годам прышэсця робатаў»
- 21.12.2017, 16:10
Экспэрты ўпэўненыя, што ў робататэхніцы наступіў залаты век.
У робататэхніцы наступіў залаты век, упэўненыя экспэрты. Літаральна за адзін год беспілотнікі, робаты-кур'еры і андроіды навучыліся выконваць каманды чалавека, а ў некаторых выпадках нават рабіць неймаверныя трукі. Прычынай раптоўнага прарыву сталі патанненне «жалеза» і ўдасканаленне працэсараў. Калумніст Wired Мэт Сайман упэўнены, што неўзабаве чалавецтва пачне выбудоўваць стасункі з робатамі. А дакладней, ужо пачало, піша hightech.fm.
У 2017 годзе робаты выйшлі з фабрычных пляцовак і запоўнілі вуліцы: робаты-кур'еры пачалі развозіць ежу, а беспілотнікі з'явіліся на грамадскіх дарогах. Нават двухногія гуманоідныя робаты, якія стала станавіліся аб'ектамі кпінаў праз свае недарэчныя падзенні, навучыліся цвёрда стаяць на нагах. Так, робат Atlas упершыню прадэманстраваў уменне рабіць сальта.
Прарыў прызнаюць і робататэхнікі. «2017 выдаўся выдатным годам для робататэхнікі», - заўважыў адзін з распрацоўшчыкаў першых робамабіляў Себасцьян Трун. На думку экспэрта, прарыў адбыўся з дзвюх прычын. Па-першае, апаратная частка робатаў патаннела і стала больш якаснай. Па-другое, палепшылася інтэлектуальнае «начынне». «У мінулым у нас было не занадта разумнае ПЗ і «жалеза», якое стала ламалася. І толькі цяпер абодва кампаненты сталі досыць надзейнымі», - растлумачыў Трун у інтэрв'ю Wired.
Найбольшага прагрэсу робататэхнікі дамагліся ў галіне сэнсарных тэхналогій. Удасканаленыя датчыкі, лазеры і камеры дапамаглі робатам лепш бачыць і арыентавацца ў прасторы. Да таго ж такія сістэмы сталі каштаваць танней. Калі ў 2010 годзе адзін датчык абыходзіўся робататэхнічнай кампаніі $1 млн, то праз 7 гадоў кошт складае ўсяго 3% ад гэтай сумы - $8000. Прывады таксама таннеюць - з $3500 кошт знізіўся да $1500.
«Думаю, мы ўступаем у залаты век робататэхнікі. Пераломным момантам становіцца адначасовае зніжэнне коштаў і, у той жа час, паляпшэнне функцыянальных магчымасцяў», - заўважыў кіраўнік Sarcos Robotics Бэн Вулф.
Робататэхніка выклікала бум электрарухавікоў
Са слоў Вулфа, раней робаты былі больш статычнымі - яны маглі выконваць аднолькавыя задачы гадамі і не зрушваліся з месца. Цяпер робататэхніка стала больш мабільнай.
Мабільнасці ўдалося дамагчыся, дзякуючы ўдасканаленню тэхналогіі працэсараў. Цяпер вылічальныя аперацыі адбываюцца ўнутры самога робата, а не праводзяцца выдалена на магутным кампутары. Сваю ролю ў гэтым адыграла развіццё смартфонаў, попыт на якія прымушаў распрацоўшчыкаў стала паляпшаць і памяншаць працэсары.
Мэт Сайман піша, што пры такіх тэмпах развіцця робататэхнікі людзям ужо пара рыхтавацца да новага фармату дачыненняў паміж людзьмі і машынамі. Праз схільнасць ачалавечваць усё вакол людзі могуць уважаць робатаў мілымі і сімпатычнымі. Сайман называе гэту з'яву «псіхалагічнай цягай да робатаў». Аднак андроіды могуць скарыстацца гэтым даверам у мэтах сваіх распрацоўнікаў. Напрыклад, прапанаваць новыя паслугі ў абмен на грошы ці звесткі.
Асаблівую рызыку, на думку экспэртаў, уяўляюць робаты для сэкс-паслуг. Спецыяліст у кібербяспецы доктар Нік Патэрсан мяркуе, што андроіды могуць стаць інструментам у руках хакераў і нават «машынай для забойстваў».