BE RU EN

«Дай Дарогу!» Адсвяткуе 20-годдзе сольным канцэртам у Prime Hall

  • 21.12.2017, 18:12

Берасцейскія рокеры выканаюць старыя хіты і пацешаць фанатаў новымі песнямі.

У 2018 годзе берасцейскім панкам з «Дай Дарогу» споўніцца 20 гадоў. Адсвяткаваць гэтую дату музыканты наважылі вялікім сольным канцэртам у сталічным Prime Hall, які адбудзецца 8 траўня, паведамляе Еўрарадыё.

«Гуляць будзем усё хіты з усіх альбомаў, - распавядае лідар гурту Юрый Сатыльскі. - Успомнім усю паднаготную, успомнім і маладосць, і тое, з чаго ўсё пачыналася. Згуляем і парачку новых хітоў. Карацей, зробім так, каб радасць лілася праз край. А таксама мы максімальна запросім усіх, хто паўплываў на нас, на каго паўплывалі мы, мастакоў, музыкаў... А калі яны пагодзяцца, то запросім іх і на сцэну. Таму гэта будзе прэзентабельна, цікава, казачна і гасцінна».

Квіткі на святочны канцэрт «Дай Дарогу!» ўжо ў продажы. Набыць іх можна ў касах Prime Hall, а таксама праз аператараў kvitki.by і ticketpro.by.

21 першага снежня Юра Сатыльскі праспявае песню разам з гуртам «Крамбамбуля» падчас вялікага святочнага канцэрта «Партызан Каляднага лесу» ў сталічным Prime Hall. Дарэчы, яго наведвальнікі маюць магчымасць атрымаць два запрашэнні і на дзень нараджэння «Дай Дарогу!». Для гэтага дастаткова сфатаграфавацца з самім Юрасём або з афішай 20-годдзя «ДД» і выкласці фота ў сацыяльных сетках з паметкай #ДД20. Сам розыгрыш запрашэнняў пройдзе 30 снежня.

Апошнія навіны