BE RU EN

Генасамблея ААН адмовілася прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраіля

  • 21.12.2017, 21:22

За рэзалюцыю аб непрызнанні пастановы ЗША аб статусе Ерусаліма прагаласавалі 128 краін.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый адмовілася ўважаць Ерусалім сталіцай Ізраіля. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб непрызнанні пастановы ЗША аб статусе Ерусаліма. За дакумент прагаласавалі 128 краін - усе пастаянныя сябры Рады бяспекі ААН, акрамя Злучаных Штатаў. Супраць рэзалюцыі выказаліся дзевяць дзяржаў, яшчэ 35 устрымаліся, паведамляе svoboda.org.

Адмысловы сход склікалі пасля таго, як ЗША наклалі вета на аналагічны праект рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН. Астатнія 14 краін Рады бяспекі тады гэты дакумент падтрымалі. Тэкст рэзалюцыі, прынятай у чацвер практычна паўтарае праект, адхілены Вашынгтонам.

Прынятая ў чацвер рэзалюцыя заклікае адмовіцца ад прызнання Ерусаліма ў якасці сталіцы Ізраіля, але Злучаныя Штаты ў тэксце не згадваюцца. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што пастановы аб Ерусаліме, якія разыходзяцца з рэзалюцыямі «Рады бяспекі ААН, не маюць юрыдычнай сілы.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў, што Вашынгтон абмяжуе фінансавую дапамогу краінам, якія падтрымаюць гэтую рэзалюцыю. Улады Палестыны абвінавацілі ЗША ў тым, што яны «пагражаюць» краінам-сябрам ААН.

6 снежня прэзідэнт Трамп распарадзіўся пачаць падрыхтоўку да пераезду амбасады ЗША з Тэль-Авіва ў Ерусалім. Працэдура можа заняць ад трох да чатырох гадоў. Пастанову Трампа рэзка раскрытыкавалі лідары арабскіх краін. На палестынскіх землях пачаліся масавыя пратэсты і беспарадкі.

Ізраіль уважае Ерусалім сваёй адзінай і непадзельнай сталіцай. ААН называе ўсходнюю частку горада незаконна акупаванай. У 1995 годзе Кангрэс ЗША прыняў закон аб пераносе амерыканскай амбасады ў Ізраілі ў Ерусалім, але дыпмісія засталася ў Тэль-Авіве праз спрэчны статусу горада. Да нядаўняга часу ў Вашынгтоне лічылі, што Ерусалім пасля заканчэння брытанскага мандата ў 1948 годзе не належаў ні аднаму з бакоў і статус горада будзе вызначаны толькі пасля падпісання мірнай дамовы.

Апошнія навіны