У РФ абмяжуюць выезд банкіраў за мяжу
- 23.12.2017, 20:42
Расейскія ўлады заклапаціліся тым, каб пераняць банкірам шляхі ўцёкаў з краіны.
На фоне нарастання крызісу ў расейскай банкаўскай сістэме, дзе з пачатку года ліцэнзіі пазбавіліся тры банкі з топ-50, а яшчэ два з топ-10 не загінулі толькі дзякуючы друкарскаму варштату ЦБ, расейскія ўлады заклапаціліся тым, каб узмацніць адказнасць для несумленных банкіраў і пераняць ім шляхі ўцёкаў з краіны, піша finanz.ru.
Банкавая сістэма РФ - гэта "пацёмкінская вёска", дзе фіктыўныя актывы і крэдытаванне фірмаў-фіктыўных пакетаў ператварылася ў асобную галіну бізнэсу, скардзіўся ў інтэрв'ю Reuters у сакавіку намеснік старшыні цэнтрабанка Васілій Поздышаў.
Пры гэтым банкіры, якія "ўсмоктваюць" уклады, а затым выводзяць іх за мяжу, зазвычай унікаюць пакарання, хаваючыся за межамі РФ.
Каб гэтага не адбывалася, цэнтрабанк рыхтуе законапраект, які абмяжуе выезд за мяжу несумленных банкіраў.
Гаворка ідзе як аб уласніках банкаў, так і аб іх топ-мэнэджэрах. Тыя ж папраўкі закрануць кіраўнікоў і ўладальнікаў недзяржаўных пенсійных фондаў і страхавых кампаній. Законапраект ужо атрымаў канцэптуальнае ўхваленне ў Міністэрстве эканамічнага развіцця.
У ЦБ пацвердзілі ТАСС распрацоўку закона, удакладніўшы, што ён закране «несумленных кіраўнікоў і ўладальнікаў крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый». Крытэрыі несумленнасці рэгулятар не назваў.
Праект закона рыхтуецца ўжо больш за год - упершыню пра яго патрэбу ў верасні 2016 заявіла кіраўніца ЦБ Эльвіра Набівуліна падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.
З тых часоў адбыўся яшчэ прынамсі адзін выпадак уцёкаў значнага банкіра з Расеі. Старшыня рады дырэктараў банка "Перасвет" Аляксандр Швец перастаў выходзіць на працу ў кастрычніку мінулага года - на наступны дзень пасля таго, як міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch паведаміла ў справаздачы, што прыналежны Расейскай праваслаўнай царкве банк выдаў палову свайго капіталу, або 15 млрд рублёў кампаніям, якія паводле ўскосных прыкмет з'яўляюцца «пусткамі», гэта значыць не маюць рэальных актываў і не вядуць якой-небудзь дзейнасці.
Вышукі Швяца нічога не далі, і ягонае месцазнаходжанне з таго часу застаецца невядомым.
У кірунку Лондана Расею пакінулі акцыянеры збанкрутаванага банка "Траст" Ілля Юраў, Мікалай Фяцісаў і Сяргей Бяляеў. У красавіку ў Манака быў затрыманы былы суўладальнік Внешпромбанка Георгій Бяджамаў.
Паводле некаторых звестак, у Паўднёвую Афрыку з'ехаў былы ўладальнік падупалага "Расейскага крэдыту" Анатолій Матылёў, у Сінгапур - заснавальнік групы "Лайф" Сяргей Лявонцьеў.
З пачатку 2014 года на падтрымку расейскай банкавай сістэмы дзяржава выдаткавала 3,2 трыльёна рублёў. Грошы паступалі ў выглядзе дырэктыўнага ўлівання ў капітал, выдаваліся банкірам на аздараўленне іншых праблемных банкаў і цяклі ракой у фонд засцярогі ўкладаў, папаўненне якога амаль цалкам лягло на друкарскі варштат ЦБ.
Для выратавання "Открытия" спатрэбіцца яшчэ трыльён рублёў - на такую суму ЦБ адкрыў банку крэдытную лінію, паведаміў Міхаіл Задорнаў, які ўзначаліць "Открытие" пасля таго, як яго ацэнку і расчыстку закончыць часовая адміністрацыя. Бінбанк запатрабуе ўлівання яшчэ на 250-400 млрд рублёў.
Усе гэтыя сродкі - чыстая грашовая эмісія, гэта значыць, кампенсуюцца за кошт друкарскага варштата. У выніку "праз інфляцыйны падатак за выратаванне прыватных банкаў заплацяць ўсе расейцы", - кажа дырэктар аналітычнага дэпартамента "Альпары" Аляксандр Разуваеў.