BE RU EN

Эксперт Atlantic Council пра «Крамлёўскі спіс»: Наступствы для расейцаў будуць вельмі сур'ёзнымі

  • 25.12.2017, 21:05

Праз гэты спіс у Маскве многія нярвуюцца.

Супраць расейцаў, якіх у студзені 2018 год згадаюць у «Крамлёўскім дакладзе» ў ЗША, аўтаматычна не будуць уводзіць санкцыі. Пра гэта «Коммерсанту» паведаміў былы галоўны каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпартамента ЗША, эксперт вашынгтонскага Atlantic Council Дэніэл Фрыд.

З ягоных слоў, праз гэты спіс у Маскве «многія нярвуюцца», і сябры Кангрэсу ЗША хацелі б выкарыстоўваць яго як санкцыйны спіс. Фрыд мяркуе, што такі варыянт развіцця падзей «цалкам магчымы».

Эксперт адзначыў, што амерыканскія і еўрапейскія банкі могуць залічыць прысутнасць сваіх кліентаў у «Крамлёўскім дакладзе» прыкметай больш высокіх рызык.

У любым выпадку людзі, якія трапяць у спіс, не змогуць супрацоўнічаць з амерыканскімі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Могуць пацярпець таксама кліенты еўрапейскіх банкаў, звязаных з фінансавай сістэмай ЗША.

На думку Фрыда, усё гэта «вельмі сур'ёзна».

ЗША ўвялі некалькі пакетаў санкцый супраць Крамля пасля анэксіі Крыма і пачатку расейскай агрэсіі на Данбасе вясной 2014 года.

2 жніўня Трамп ухваліў увядзенне новых санкцый супраць Расеі, Ірана і КНДР. Між іншым, закон патрабуе ад фінансавай разведкі Злучаных Штатаў на працягу 180 дзён падаць звесткі аб змешчаных на Захадзе актывах расейскіх палітыкаў і бізнесоўцаў, набліжаных да Крамля.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін паведаміў, што да канца студзеня 2018 года міністэрства фінансаў ЗША падрыхтуе новы спіс расейскіх бізнэсоўцаў і кампаній, якія могуць трапіць пад абмежавальныя меры.

13 снежня амерыканскі сенатар Марка Рубіа заявіў, што ЗША могуць увесці санкцыі супраць блізкіх да Пуціна чыноўнікаў.

Апошнія навіны