Былы следчы WADA: 99% расейскіх спартоўцаў сядзяць на допінгу
- 28.12.2017, 17:53
Пастанова МАК наконт Расеі - гэта не пакаранне, а насмешка.
Былы следчы WADA Джэк Робертсан, які ўдзельнічаў у расследаванні арганізацыі допінгавай сістэмы ў Расеі, раскрытыкаваў пастанову МАК дапусціць расейскіх спартоўцаў да Пхенчхана-2018, піша «Трибуна».
«Пастанова МАК аб Расеі - гэта не пакаранне, а насмешка. Гэта зроблена для таго, каб абараніць расейскія камерцыйныя і палітычныя інтарэсы.
Падчас нашага расследавання мы высветлілі, што 99 адсоткаў расейскіх спартоўцаў сядзяць на допінгу. Мы зразумелі, што як толькі расейскі спартовец трапляе ў нацыянальную каманду краіны, у яго проста няма выбару - альбо допінг, альбо канец кар'еры.
Забароненыя прэпараты захоўваюцца проста ў будынках міністэрства спорту Расеі. Большую частку сваёй кар'еры я працаваў агентам у службе забеспячэння захавання законаў аб наркотыках. Дык вось нават нарка-картэлі былі не такімі нахабнымі.
Пакаранне МАК для Расеі - поўны фарс. Гэта азначае, што ў Пхенчхане 2018 чыстыя спартоўцы зноў будуць спаборнічаць дапінгістамі. Гады пройдуць, перш чым мы даведаемся пра сапраўдных чэмпіёнаў і прызёраў Гульняў 2018. І яны зноў атрымаюць свае медалі праз пошту.
Расея не толькі не прызнала сваю віну, але і прадаўжае выкарыстоўваць допінг нават падчас расследавання. Усе довады гавораць аб тым, што допінгавая сістэма ўсё яшчэ працуе. І МАК гэта ведае. Томас Бах - Нэвіл Чэмберлен нашага часу. Пастанова МАК аб Расеі назаўжды запляміць алімпійскую хартыю. МАК трэба нагадаць, што Алімпіяда выдатна пражыве без Расеі, але не без алімпійскіх ідэалаў.
Будуць выяўлены выпадкі выкарыстання допінгу ў Пхенчхане 2018 ці не, але яны там сапраўды будуць. Гледачы і спартоўцы павінны ўжо цяпер разумець, што медальны залік гэтай Алімпіяды - часовы, і будзе змяняцца цягам наступных гадоў пасля дыскваліфікацый», - напісаў Робертсан.