Шульц прапануе стварыць «Злучаныя Штаты Еўропы» да 2025 года
- 7.12.2017, 21:30
Лідар СДПН заклікаў да больш глыбокай еўрапейскай інтэграцыі.
Лідар Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Марцін Шульц заклікаў да больш глыбокай еўрапейскай інтэграцыі, якая магла б прывесці да стварэння «Злучаных Штатаў Еўропы» да 2025 года.
Пра гэта ён сказаў падчас з'езду СДПН, паведамляе EUobserver.
«Я прапаную еўрапейскую канстытуцыйную дамову, якая стварае федэральную Еўропу», - сказаў Шульц.
З ягоных слоў, дамова будзе прадстаўленая дзяржавам-сябрам ЕЗ для ратыфікацыі, і тыя, хто адмовяцца ад яе, аўтаматычна павінны пакінуць блок.
Шульц перакананы, што толькі ўзмоцнены ЕЗ можа дзейнічаць у процівагу правым нацыяналістам, якія апошнім часам дасягнулі поспехаў у Нямеччыне, Аўстрыі, Даніі, Фінляндыі, Францыі і Нідэрландах.
Ён адзначыў, удзел СДПН у кааліцыі прадугледжваў бы, што еўрапейская палітыка Нямеччыны была б у меншай ступені сканцэнтраваная на жорсткай эканоміцы.