BE RU EN

Беларусы ў сацсетках дзеляцца гісторыямі пра тое, як уцякалі з дзіцячых садкоў

  • 6.01.2018, 16:37

Гісторыя трох светлагорскіх дзяцей, якія самастойна пайшлі з садка і паехалі на цягніку ў Жлобін, узрушыла шмат каго.

Але, як высветлілася, у дзяцінстве пра прыгоды марылі не толькі яны. У сацсетках людзі сталі дзяліцца гісторыямі пра тое, як уцякалі з садкоў і ад бацькоў, піша tut.by.

Вольга Шукайла распавядае, як у пяць гадоў падгаварыла сяброў уцячы з дзіцячага садка. А ўсё таму што вельмі хацела паказаць хлопцам цацачнага сабаку, якога ёй на дзень нараджэння падарыла мама.

- ... Закончыўся шпацыр на вуліцы, і я падгаварыла сваіх сяброў схавацца ў дамку на пляцоўцы і пачакаць, пакуль усе сыдуць у групу, - піша Вольга. - Я вельмі добра памятаю, што з акенца хаткі сачыла, як выхавальніца пералічвае дзяцей і, не знайшоўшы некалькіх, кажа камусьці: «Напэўна, яны ўжо пайшлі ў групу».

Мой садок стаіць проста ў двары дома, таму ісці было недалёка. І вось я, малеча, спрабую з натоўпам дзяцей адкрыць дзверы кватэры. Гэта не вельмі атрымліваецца. І раптам дзверы адкрываюцца, а на парозе - бабуля, якая прыехала пагасцяваць. Высветлілася, я ўчора сцягнула ў сястры ключы ад кватэры, а раніцай яна атрымала ад таты за тое, што яна [...] іх згубіла. Карацей, бабуля, тата і сястра сустрэлі нас...

Потым памятаю толькі ўрыўкамі сходы ў групу на другі паверх, як на нас сварыліся (ой сварыліся!) і як стаяла ў куце, пакуль іншыя дзеці елі суп.

Паказала я ўсё ж такі сабаку ці не - не памятаю.

Яніна Мельнікава распавяла, што ў 4 гады сышла шукаць бацькоў з закрытага гатэльнага нумара ў Франкфурце-на-Майне.

- Бацькі стаялі ў чарзе па квіткі на цягнік, гатэль быў на прывакзальнай плошчы, - піша Яніна. - Нас з сястрой туды завялі і паклалі спаць. Я прачнулася - нікога няма, дзверы зачыненая.

Я «выйшла» праз акно. Балазе быў першы паверх. Памятаю, як падставіла крэсла, забралася на падаконне, звесіла ногі, акуратна прыкрыла за сабой створкі, «каб сястру не ўкралі» і скокнула ў кветнік. Увесь гэты час міма ішлі людзі, і ніхто не спыніўся, не спытаў, што робіць дзіця.

Я выбралася з клумбы і пайшла праз плошчу на вакзал... Бацькоў сустрэла на сярэдзіне шляху. Трэба было бачыць іх вочы!..

Я была паслухмяным дзіцем, ніякіх істэрык, уцёкаў і іншае. Чаму я так зрабіла? Хто ж яго ведае. Здаецца, думала тады пра справядлівасць, нам абяцалі, што тата застанецца, а ён таксама пайшоў...

Мікалай Бянько распавёў, як ў 1987 годзе яны разам з сябрам Сашкам Маліноўскім уцяклі з дзіцячага садка. Пяцігадовыя падарожнікі накіраваліся ў калгасны сад.

- Мы з прыяцелем без праблем пералезлі цераз невысокі плот аднаго са сталічных садкоў, - піша Мікалай. - Потым упэўнена накіраваліся ў былы калгасны сад з сажалкай. Нягледзячы на даволі познюю восень, нават ножкі абмакнуў у халоднай вадзе, паелі антонавак. А потым доўга-доўга гушкаліся на арэлях ў адным з двароў. Нават не заўважылі, як праляцела некалькі гадзін.

Дадому мы вярталіся вельмі задаволеныя сваёй даросласцю і незалежнасцю. Дагэтуль памятаю свае перажыванні, калі ўбачыў маму, якая залівалася слязьмі каля акна. Дарослыя безвынікова шукалі нас ва ўсім Паўднёвым-Захадзе, а мы спакойна блукалі ў былым калгасным садзе.

Гэта я да чаго ўспомніў? Проста цяпер будуць ліцца гігабайты праклёнаў на адрас выхавальнікаў дзіцячага сада Светлагорска [...]. Але мы з Сашкам Маліноўскім уцяклі б нават з самай ахоўнай зоны строгага рэжыму, бо нам было вельмі цікава спазнаць навакольны свет.

Апошнія навіны