ЕЗ: Брытанія павінна пагадзіцца на кантроль у Паўночнай Ірландыі пасля Brexit
- 10.10.2018, 21:48
Вялікабрытанія павінна будзе прыняць новы абмежаваны адміністрацыйны кантроль за гандлем з Паўночнай Ірландыяй.
Вялікабрытанія павінна будзе прыняць новы абмежаваны адміністрацыйны кантроль за гандлем з Паўночнай Ірландыяй у любым пагадненні аб Brexit.
Пра гэта заявіў галоўны перамоўшчык ЕЗ Мішэль Барні, паведамляе eurointegration.com са спасылкай на AFP.
«І ЕЗ, і Вялікабрытанія выключаюць наяўнасць фізічнай мяжы на востраве Ірландыі, таму тое, што будзе паступаць у Паўночную Ірландыю, таксама будзе паступаць на наш адзіны рынак», - сказаў Барні.
Прэм'ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй раней неаднаразова заяўляла, што не пагодзіцца на дамову, якая будзе рабіць замах на брытанскі суверэнітэт, а яе паўночнаірландскія хаўруснікі ў парламенце адхілілі такія працэдуры.
Абодва бакі хочуць захаваць празрыстасць мяжы ў Ірландыі для людзей, тавараў і паслуг, але як гэта зрабіць, не парушаючы цэласнасць еўрапейскага мытнага звязу, які пакідае Вялікабрытанія, Брусэль і Лондан яшчэ не прыдумалі.
Афіцыйныя перамовы паміж Лонданам і Брусэлем аб умовах, на якіх Вялікабрытанія выйдзе з ЕЗ, пачаліся 19 чэрвеня 2017 года. Brexit адбудзецца 29 сакавіка 2019 года, пераходны перыяд будзе доўжыцца да 2021 года.