BE RU EN

Польшча плануе абавязковую вакцынацыю замежнікаў з краін па-за ЕЗ

  • 15.10.2018, 21:08

Польскі ўрад разглядае пытанне аб абавязковых прышчэпках для замежнікаў з дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ.

Абавязковаму прышчэпліванню падлягалі б прыезджыя і ўцекачы, нават калі тэрмін іх знаходжання ў Польшчы не перавышае 3 месяцы.

Пра гэта паведамляе «Радыё Польшча» са спасылкай на газету Rzeczpospolita.

«Сёння заканадаўства не патрабуе, напрыклад, ад замежных студэнтаў даведак аб прышчэпках супраць адзёру або туберкулёзу, якія сталі вялікай праблемай сярод прыезджых з-за ўсходняй мяжы Польшчы», - сказаў газеце намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Марцін Чэх.

У сваю чаргу польскія прадстаўнікі санітарнай інспекцыі адзначаюць, што ва Украіне супраць туберкулёзу прышчэпленая толькі палова насельніцтва. Тым часам у Польшчы знаходзіцца 37, 5 тысяч студэнтаў і нашмат разоў больш работнікаў з гэтай краіны.

На думку спецыялістаў, калі такія паказчыкі аб колькасці непрышчэпленых прыезджых скласці з паказчыкамі зніжэння працэнтаў прышчэпленых у Польшчы ў выніку дзейнасці рухаў супраць вакцынацыі, то ў наяўнасці рызыка эпідэміі.

Што тычыцца ўцекачоў, то польскі ўрад плануе ўвесці абавязковыя прышчэпкі для іх таксама ў тым выпадку, калі яны ідуць праз Польшчу транзітам.

Аўтар каментару пад загалоўкам «Прышчэпка для замежніка» ў газеце Rzeczpospolita Марэк Кабыляньскі канстатуе, што адносна абавязковасці або добраахвотнасці прышчэпак у Польшчы ідуць настолькі гарачыя спрэчкі, што гэтая тэма набыла палітычную афарбоўку і нават звязваецца з правамі чалавека.

Тым часам, не ва ўсіх краінах, адкуль у Польшчу прыбываюць студэнты, работнікі ці ўцекачы, небяспечныя хваробы знаходзяцца пад такім строгім кантролем, як у Польшчы. Аднак ідэя абавязковых прышчэпак для замежнікаў выклікае шмат пытанняў, у тым ліку з нагоды крыніц фінансавання такой акцыі.

«Магчыма, добрым развязаннем было б падача замежнікам яшчэ перад уездам у Польшчу даведкі аб прышчэпках супраць пэўных хвароб. Абарона ад эпідэмій вельмі важная, але не менш важным з'яўляецца такое развязанне гэтай праблемы, якое будзе і эфектыўнымі, і дазволіць пазбегнуць спрэчак», - заключае каментатар газеты Rzeczpospolita.

Апошнія навіны