Віцэ-прэм'ерка Польшчы трапіла ў ДТЗ
- 25.10.2018, 21:47
Абышлося без пацярпелых.
Віцэ-прэм'ерка Польшчы Беата Шыдла 25 кастрычніка трапіла ў аварыю. Машына, у якой ехала былая кіраўніца ўрада, сутыкнулася з легкавым аўтамабілем Peugeot, дзе за стырном сядзеў 77-гадовы кіроўца. Пра гэта паведамляе PAP.
У ДТЗ, якое адбылося ў Сілезскім ваяводстве на поўдні Польшчы, ніхто не пацярпеў.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, праз пераход пераходзілі пешаходы, аўтамабіль, якім кіраваў 77-гадовы мужчына, прытармазіў, наступныя два таксама, але затармазіць так, каб не адбылося сутыкненне, не ўдалося», - распавяла прэс-сакратарка паліцыі Сілезскага ваяводства Аляксандра Навара.
Яна дадала, што ў выніку ДТЗ пашкоджаны тры аўтамабілі, але пацярпелых сярод удзельнікаў аварыі няма. У крыві кіроўцаў пашкоджаных аўтамабіляў алкаголь не выяўлены.
Пазней Беата Шыдла на сваёй старонцы ў Twitter пацвердзіла, што не пацярпела ў аварыі.
«Дзякуй за клопат, усё ў парадку. Было невялікае сутыкненне, нічога ні з кім не здарылася. Пабітыя лямпы і бамперы. Сачыце за дарогамі, таму што ідзе дождж і дарога слізкая», - напісала Шыдла.