Украінскі журналіст распавёў, за што яго ў Менску затрымала міліцыя
- 27.10.2018, 21:09
Мікалай Балабан правёў у міліцыі шэсць гадзін.
25 кастрычніка стала вядома, што выдаўца The Village Україна Мікалая Балабана з гатэля забрала менская міліцыя.
Мікалай прыехаў у Менск на «Медыаменэджмэнт&IT форум». Раніцай да яго ў гатэль прыйшла міліцыя. Праз прыкладна шэсць гадзін Мікалай быў адпушчаны.
Учора журналісты не пісалі пра сітуацыю на просьбу самога Мікалая, але ўжо ўвечары ён вярнуўся ў Кіеў і даў эксклюзіўны каментар для The Village Беларусь.
- А 4-5 раніцы я пачуў стук у дзверы майго гатэльнага нумара. Падумаў, што нехта з гасцей пераблытаў нумары і б'ецца ў мой. Калі адкрыў, адзін з міліцыянтаў спытаў «Мыкола Балабан»? Адразу зразумеў, што не пераблыталі і канкрэтна за мной. Мне паведамілі, што трэба праехаць з імі. Папрасілі апрануцца і ўзяць дакументы. Спытаў у іх, што з астатнімі рэчамі. Яны адказалі, што няхай застаюцца, пасля возьмеш. Спытаў у чым прычына. Сказалі, што ў іх распараджэнне даставіць мяне ў пастарунак. Падстава - нібыта забарона на ўезд у РБ ці ў РФ. Але дакладна не могуць сказаць і наогул гэта будзе распавядаць міграцыйная служба.
Увогуле мяне прывезлі ў аддзяленне на праспект Газеты «Звязда», 46. Там я чакаў у калідоры на зэдліку. Тэлефон у мяне не забіралі, таму я змог звязацца з арганізатарамі. Яны хутка ўключыліся, вызваніць консула. А 8 раніцы мяне перавезлі ў аддзяленне на Грушаўскай. Там ужо папрасілі пачакаць у клетцы. Праўда на ключ яе не замыкалі. Праз гадзіну-паўтара папрасілі аддаць акуляры, тэлефон, усе з кішэняў і шнуркі ад красовак.
Арганізатары адправілі да мяне ў аддзяленне сваю калегу. А 10 раніцы я пачуў, як яна пыталася пра мяне ў дзяжурнага. Ён адказаў, што праз хвілін 20 прыедзе прадстаўнік ад міграцыйнай службы, яны мяне аформяць і тады ўжо ад міграцыйнай трэба чакаць далейшых указанняў. Прыехаў прадстаўнік. Склаў нейкі іншы фармальны дакумент. Там былі пазначаны мае звесткі і апісанне таго, што адбылося. Дэталяў ён мне таксама не паведаміў. Сказаў толькі, што ёсць забарона на ўезд.
Гэты прадстаўнік вырашыў удакладніць тэрміны забароны на ўезд і выйшаў гаварыць па тэлефоне. Вярнуўся праз хвілін 15, але не прычыны, ні тэрмінаў ён не даведаўся. Потым ён яшчэ раз патэлефанаваў кудысьці, каб удакладніць пра форму апавяшчэння мяне пра тое, што мне трэба пакінуць краіну цягам трох дзён, але там яму паведамілі, што адбылася памылка. Што ўезд забаронены не мне, а майму цёзку, іншаму Мікалаю Балабану, які нарадзіўся са мной у адзін дзень. Пасля гэтага мяне адпусцілі без якіх-небудзь апавяшчэнняў аб тым, што я павінен пакінуць краіну. То бок, у мяне так і не з'явілася ніякага новага статусу. Арганізатары паведамілі мне, што ў МУС няма ніякіх дакументаў аб забароне майго ўезду ў краіну.