BE RU EN

Савудаўская Арабія адмовілася выслаць падазраваных у забойстве Хашогі

  • 28.10.2018, 20:11

Турцыя патрабуе экстрадыцыі 18 затрыманых.

Улады ў Рыядзе адхілілі патрабаванне Анкары выслаць затрыманых паводле падазрэння ў дачыненні да забойства журналіста Джамаля Хашогі. Гаворка ідзе пра падданых Савудаўскай Арабіі, заявіў у суботу, 27 кастрычніка, кіраўнік МЗС краіны Адэль аль-Джубэйр у рамках канферэнцыі ў Бахрэйне, перадае DW.

"Яны арыштаваныя ў Савудаўскай Арабіі, расследаванне праходзіць у Савудаўскай Арабіі, і крымінальна-прававы пераслед у дачыненні да іх праходзіць у Савудаўскай Арабіі", - падкрэсліў ён. Адначасова ён паабяцаў, што адказныя за забойства журналіста будуць пакараныя. "Акрамя таго, мы створым механізмы, якія гарантуюць, што такое не адбудзецца зноў", - дадаў аль-Джубэйр.

Турцыя патрабуе экстрадыцыі 18 затрыманых

Раней пракуратура Стамбула накіравала запыт аб экстрадыцыі 18 падазраваных, затрыманых у Савудаўскай Арабіі ў рамках расследавання забойства Хашогі. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган неаднаразова заяўляў, што вінаватыя ў забойстве журналіста маюць паўстаць перад судом у Стамбуле. Паводле ягоных слоў, гэтае злачынства - зусім не "банальная справа".

59-гадовы аглядальнік амэрыканскай газэты Washington Post Джамаль Хашогі, які жыў у ЗША, знік 2 кастрычніка, пасля таго як увайшоў у консульства Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле, каб атрымаць дакументы, патрэбныя для ўзяцця шлюбу з грамадзянкай Турцыі.

19 кастрычніка Сірыя прызнала забойства зніклага журналіста. Як заявіла генпракуратура ў савудаўскай сталіцы Эр-Рыядзе, у консульстве адбылася "бойка", якая прывяла да смерці журналіста. Раней турэцкія і амэрыканскія СМІ паведамлялі, што Хашогі быў забіты спецыяльным аддзелам.

Апошнія навіны