Леанід Судаленка распавёў аб «стратэгічнай перамозе» прафзвязу РЭП
- 28.11.2018, 17:58
Незалежны прафзвяз стварае прававую культуру ў Беларусі.
Суд Рэчыцкага раёна абавязаў начальства лесапільні выплаціць Генадзю Літвінаву, які страціў пальцы на шматпільным станку, 8 000 рублёў - у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Гэта ўжо другі суд з лесапільняй, у якім прафзвяз РЭП абараніў інтарэсы свайго сябра Генадзя Літвінава, былога работніка СТАА «Паціка Экспарт», піша praca-by.info.
Папярэдняе пытанне было аб давядзенні факта працоўных стасункаў (Літвінаў працаваў без дамовы і іншых дакументаў, а наймальнік сцвярджаў, што мужчына прыйшоў з вуліцы і сам стаў за станок). І ў першым, і ў другім судовым разглядзе суд задаволіў патрабаванні пазоўніка.
Інтарэсы Генадзя Літвінава прадстаўляў прававы інспектар працы прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка. Ён задаволены вынікам судовага разбору (ягоны падабаронны атрымаў страхавыя выплаты, а цяпер яшчэ і блізу 4 000 даляраў за маральную шкоду) і мяркуе, што ён будзе пакладзены ў аснову новай судовай практыкі ў Беларусі:
- Мы правялі класічную стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне практыкі ў галіне спагнання маральнай шкоды. Так прафзвяз РЭП фарміруе прававую культуру ў Беларусі.
Прафсаюзны юрыст распавёў аб ходзе працэсу, аб аргументацыі пазоўніка:
- Пазіцыя адказчыка была вядомая: «Мы не вінаватыя, і маральнай шкоды тут няма, бо за вытворчыя траўмы такая адказнасць не прадугледжаная». Наша пазіцыя была адназначнай: па-першае, мы давялі, што прычыненыя і фізічныя, і маральныя пакуты: чалавек рэжа руку па-жывому, кроў цячэ; пакуль яго адвезлі ў лякарню, пакуль абязболілі... Колькі яму рабілі аперацый! Вядома, увесь гэты час ён адчуваў фізічны боль. А маральныя пакуты палягаюць у страху за сваю будучыню, у перажываннях пра тое, што не здолее зарабляць сабе на жыццё: пацярпела правая рука. Перажыванні аб тым, што не зможа стварыць сям'ю - ён разведзены мужчына ва ўзросце 49 гадоў. Усе гэтыя страхі мы апісалі ў пазоўнай заяве. Што тычыцца сумы - 10 000 рублёў - мы апелявалі да такога аргументу: што такое сёння 10 000? Гэта прыкладна дзесяць сярэдніх месячных заробкаў, гэтая сума не ўзятая са столі. З тым, што здарылася, майму даверніку давядзецца жыць усё жыццё. Гэтая сума рэальная і адказвае прынцыпам разумнасці і справядлівасці.
Суд зменшыў суму пазову да 8 000. Леанід Судаленка каментуе гэта так:
- Я мяркую, што гэта перамога прафзвязу РЭП. Сума не маленькая. Калі рэальныя сумы заяўляеш і абгрунтоўваеш іх сур'ёзнымі аргументамі - тады і суды прыслухоўваюцца да гэтых аргументаў.
Леанід Судаленка распавёў, у чым карысць гэтай перамогі, акрамя відавочнай карысці для самога Генадзя Літвінава:
- Наш прафзвяз РЭП назапашвае практыку спагнання кампенсацыі маральнай шкоды, і іншым работнікам паказвае прыклад. Уявіце, якога маштабу падзея для раённага цэнтра - спагнаць маральную шкоду ў такім аб'ёме! Людзі не ведаюць сваіх правоў і не змагаюцца за іх. Для іх спагнаць маральную шкоду - гэта нешта «буржуазнае», «амерыканскае». Ну падумаеш, палец адарвала - думае іншы работнік, - трывай, раз так выйшла. Што ты, не дзядзька?
Прававы інспектар прапануе работнікам, каб бараніць свае правы, уступаць у прафзвяз РЭП:
- У прафзвязе РЭП працоўны заўсёды пад нашай абаронай. Звярніце ўвагу, што справа Генадзя Літвінава - шматэтапная. Спачатку мы давялі ў судзе факт працоўных стасункаў. Мы маглі на гэтым спыніцца. Але для чальцоў нашага прафзвязу мы выціскаем усё, што можна! Бярэм пад поўную юрыдычную абарону сябра нашага прафзвязу, калі з ім, не дай бог, што нешта адбылося.
Андрэй Стрыжак, чалец Рады прафзвязу РЭП, растлумачыў, чым важная практыка ў справах такога кшталту:
- Такая практыка асабліва важная для разумення таго, што маральная шкода - гэта тое, кампенсацыю чаго сапраўды можна атрымліваць у судзе; што маральная шкода - не штосьці нерэальнае з галівудскага серыяла; што нашы суды, у тым ліку і ў раённых цэнтрах, ужо разумеюць: чалавек адчувае пакуты. І той судовы досвед, які назапашваецца ў прафзвязе РЭП, рухае ўсю юрыдычную практыку наперад. Таму што пакуль у Беларусі, на жаль, было мала прэцэдэнтаў. Суддзі маюць доступ да базы ўсіх судовых выракаў, і пастанова Рэчыцкага суда будзе прыкладам і ляжа ў аснову такіх спраў ва ўсёй Беларусі. Гэта вялікі крок наперад.