Званок Трампа абваліў цэны нафты
- 28.11.2018, 18:38
Рэзкае падзенне коштаў нафты - вынік тэлефонных перамоў прэзідэнта ЗША з Эр-Рыядам.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў у інтэрв'ю The Washington Post, што адмыслова дамаўляўся з уладамі Саудаўскай Арабіі, каб дамагчыся зніжэння коштаў нафты.
Са слоў Трампа, рэзкае падзенне коштаў нафты - вынік яго жорсткіх тэлефонных перамоваў з Эр-Рыядам. «Кошты дасягнулі 82 [даляраў] за барэль і павінны былі падняцца да 100 даляраў. Гэта было падобна на масавае павышэнне падаткаў. Я гэтага не хацеў», - заявіў амерыканскі лідар.
Як распавёў прэзідэнт ЗША, ён падчас размовы змог дамовіцца аб павелічэнні здабычы нафты, дзякуючы чаму кошты ўпалі да 52 даляраў за барэль.
«У нас вельмі важны хаўруснік у Саудаўскай Арабіі. У нас ёсць хаўруснік з вялізнымі запасамі нафты, які, шчыра кажучы, можа павышаць цэны, а я хачу іх стрымаць», - дадаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША ўжо вынес падзяку за танную нафту самому сабе ў сваім мікраблогу ў Twitter. Падзенне цэнаў ён назваў «падатковымі ільготамі для ўсяго свету».
Зніжэнне цэнаў нафты працягваецца некалькі тыдняў. Экспэрты тлумачаць гэта нявызначанасцю вакол пагаднення АПЕК па скарачэнні ўзроўню здабычы, а таксама санкцыямі ЗША ў дачыненні да Ірана і нарошчваннем нафтаздабычы ў Злучаных Штатах.