Лонданскі аэрапорт Гатвік закрыўся праз атаку дронаў
- 21.12.2018, 9:17
Хто іх запускае - невядома.
Тысячы пасажыраў затрымаліся ў лонданскім аэрапорце Гатвік, пасля таго як праз заўважаныя над лётным полем дроны была закрытая узлётна-пасадачная паласа.
Затрыманы вылет дзясяткаў рэйсаў. Самалёты, якія ляцяць у Гатвік, перанакіроўваюцца ў іншыя аэрапорты і гарады, у тым ліку ў лонданскія Хітроў і Лутон, а таксама ў Манчэстэр, Кардыф, Парыж і Амстэрдам, паведамляе ВВС.
Паводле апошніх звестак, калапс закрануў блізу 10 тысяч чалавек. Пасажырам, якія вылятаюць з Гатвік у чацвер, рэкамендавана правяраць статус свайго рэйса, перш чым выязджаць з дому.
Са слоў аперацыйнага дырэктара Гатвік Крыса Вудруфа, спецыялісты шукаюць робат, які апошнім разам бачылі ў паветры апоўдні паводле мясцовага часу.
Адказныя за запуск дронаў усё яшчэ не знойдзеныя.
Еўрапейская арганізацыя бяспецы паветранай навігацыі Eurocontrol заяўляе, што узлётна-пасадачная паласа Гатвік будзе закрытая яшчэ некаторы час.
Такі інцыдэнт адбыўся ў ліпені 2017 года. Тады беспілотны апарат, што пралятаў у непасрэднай блізкасці ад узлётна-пасадачнай паласы Гатвік, вымусіў дырэкцыю двойчы цягам паўгадзіны закрываць узлётна-пасадачную паласу.
Пошукі ў паветры і на зямлі
Першы раз аэрапорт закрылі а дзявятай гадзіне вечара мясцовага часу ў сераду, калі над узлётным полем заўважылі два беспілотнікі.
А трэцяй гадзіне ночы паласу адкрылі, але ўжо праз 45 хвілін былі вымушаныя закрыць зноў праз новыя паведамленні пра дроны ў паветры.
У інтэрв'ю ВВС Крыс Вудруф распавёў, што два апараты лёталі над агароджай па перыметры лётнага поля, перыядычна набліжаючыся да ўзлётна-пасадачнай паласы, што прывяло да збою ў раскладзе працы аэрапорта.
Паводле ягоных слоў, 20 паліцэйскіх патрулёў усё яшчэ шукаюць пілотаў дронаў. Паліцыя пастанавіла не збіваць беспілотнікі з боязі, што шалёныя кулі могуць патрапіць у прыборы кіравання узлётна-пасадачнай паласой.
У Брытаніі палёты дронаў забароненыя ў радыусе аднаго кіламетра ад мяжы аэрапортаў і аэрадромаў.
Паведамляецца, што тысячы пасажыраў чакаюць сваіх рэйсаў у тэрміналах Гатвік, сотні людзей правялі некалькі гадзін унутры самалётаў, якія прызямліліся ў іншых гарадах.
Адная з суразмоўніц ВВС Кася Яворска ляцела са сваім хлопцам з Глазга ў Гатвік, але іх рэйс быў перанакіраваны ў іншы лонданскі аэрапорт - Лутон.
Паводле ейных слоў, яны прасядзелі ў самалёце яшчэ дзве гадзіны, пасля чаго іх перасадзілі ў аўтобус і адправілі ў Гатвік, адкуль пара павінна працягнуць свой шлях у Стамбул.
"Неяк чакаеш, што на такія выпадкі прадугледжаны больш эфектыўныя захады бяспекі і лепш прадуманы экстраныя захады", - сказала Яворска ВВС.
Пасажыр Крыстафер Лістэр, які вяртаецца з Кіева, апублікаваў фатаграфію з борта свайго рэйса, якую, з ягоных слоў, ён зрабіў праз шэсць гадзін пасля таго, як самалёт, які накіроўваўся ў Гатвік, прызямліўся ў Бірмінгэме.
Кіпрыёт Андры Купрыяну, які накіроўваўся з Лондана дадому, так апісаў сітуацыю ў аэрапорце: "Там былі цяжарныя жанчыны, адна з іх спала на падлозе. Былі людзі з немаўлятамі, якія правялі тут усю ноч. Мы бачылі інвалідаў у вазках. Маленькія дзеці спалі на падлозе".
Адміністрацыя аэрапорта выбачылася за нязручнасці і запэўніла, што авіялініі робяць усё магчымае, каб забяспечыць сваіх пасажыраў месцамі ў гатэлях ці даць ім альтэрнатыўныя спосабы працягнуць шлях.
На сайце аэрапорта Гатвік сказана, што ў гэтым годзе падчас калядных свят аэрапорт рыхтуецца прыняць рэкордную колькасць пасажыраў - 2,9 мільёна чалавек. З іх 73 тысячы павінны вылецець з Гатвіка ўжо ў найбліжэйшую нядзелю.