СМІ: Трамп загадаў вывесці частку амерыканскіх войскаў з Афганістана
- 21.12.2018, 9:55
Пастанова была прынятая адначасова з вывадам вайскоўцаў з Сірыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ягонае найбліжэйшае атачэнне прынялі пастанову аб вывадзе асноўнай часткі амерыканскіх войскаў з Афганістана, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы.
Інфармацыю пра гэта пацвярджаюць і суразмоўцы агенцтваў Reuters і CNN, паведамляе nv.ua.
Адзначаецца, што такую пастанову Трамп прыняў адначасова з пастановай вывесці войскі з Сірыі.
Са слоў крыніцы CNN у вайсковай галіне, Штаты выведуць з Афганістана блізу сямі тысяч вайскоўцаў. Цяпер планаванне вываду войскаў у працэсе рэалізацыі. Ён таксама адзначыў, што вывад такой колькасці вайскоўцаў можа заняць "месяцы".
Колькасць вайсковага кантынгенту ЗША ў Афганістане складае 14 тысяч чалавек. Яны як навучаюць афганскіх калег, так і бяруць удзел у асобных контртэрарыстычных аперацыях супраць тэрарыстычных груповак, такіх як Ісламская дзяржава і Талібан.
Нагадаем, 19 снежня ў Белым доме пацвердзілі пачатак вываду амерыканскіх вайскоўцаў з Сірыі пасля таго, як прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра перамогу ЗША над баевікамі Ісламскай дзяржавы ў Сірыі.
Колькасць кантынгенту ЗША ў Сірыі складае блізу двух тысяч вайскоўцаў.