Леанід Судаленка ў ААН дамагаецца права на пікеты ў падтрымку РЭП
- 21.12.2018, 11:52
Пытанне будзе разглядаць Камітэт правоў чалавека.
20 снежня праваабаронцы ПЦ "Вясна" Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка накіравалі супольную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Заяўнікі мяркуюць, што іх права на свабоду мірных сходаў і на выказванне меркаванняў, якія прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, цягам года двойчы парушаліся беларускімі ўладамі, паведамляе "Гомельская вясна".
Цягам гэтага года праваабаронцы два разы прасілі дазволу ў чыноўнікаў гарвыканкама на правядзенне ў Гомелі пікетавання. У першым выпадку яны планавалі пратэставаць супраць масавых выклікаў у СК і допытаў сябраў незалежнага прафзвязу РЭП, у другім супраць пераследу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт за выказванне крытычных поглядаў у сацыяльных сетках. Гарадскія ўлады ў абодвух выпадках мірныя сходы забаранілі. Апеляцыйная інстанцыя абласнога суда, дзе абскардзілі адмовы праваабаронцы, стала на бок уладаў.
У скарзе ў Камітэт правоў чалавека заяўнікі паказваюць, што ў першым выпадку ім забаранілі пікетаванне ў сувязі з тым, што яны ў мінулым годзе прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за дармаедскія акцыі пратэстаў, а ў другім - у сувязі з немагчымасцю адначасовага правядзення двух сходаў у адным і тым жа месцы.
Праваабаронцы просяць Камітэт ААН не толькі ўсталяваць факт парушэння іх правоў дзяржавай, але таксама рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі.