Украіна ўвяла новыя санкцыі супраць РФ
- 26.12.2018, 21:41
Санкцыі ўведзеныя за агрэсію Расеі ў Керчанскай пратоцы.
У сераду, 26 снежня, РНБА Украіны падтрымала пастанову аб увядзенні санкцый супраць расейскіх юрыдычных і фізічных асоб за агрэсію РФ у Керчанскай пратоцы і правядзенне псеўдавыбараў на Данбасе.
Пра гэта паведамляе прэс-служба РНБА.
«Наважана падтрымаць увядзенне санкцый, перш за ўсё, у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб - расейскіх кампаній, бізнэсоўцаў, палітыкаў і дэпутатаў, работнікаў сілавых структур, якія актыўна падтрымлівалі або спрыялі агрэсіўным дзеянням супраць Украіны», - гаворыцца ў паведамленні Рады бяспекі.
РНБА увёў абмежавальныя захады супраць арганізатараў так званых «выбараў» на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама ў дачыненні да вайскоўцаў, суддзяў і праваахоўнікаў, якія маюць дачыненне да незаконнага захопу і ўтрымання ўкраінскіх маракоў падчас акту агрэсіі РФ блізу Керчанскай пратокі.
28 лістапада прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб зацвярджэнні ўказа Аб увядзенні ваеннага становішча ва Украіне. Ваеннае становішча будзе доўжыцца да 26 снежня 2018 года.
Рашэнне аб увядзенні ваеннага становішча прынятае ў сувязі з актам агрэсіі Расеі супраць Украіны ў Керчанскай пратоцы. У выніку незаконных дзеянняў расейскіх сілавікоў, 25 лістапада былі захопленыя тры караблі ВМС Украіны і ўзятыя ў палон 24 украінскія вайскоўцы. Расейцы сцвярджаюць, што караблі ВМС Украіны ўварваліся ў «тэрытарыяльныя воды РФ». Украінцаў узялі пад варту 25 студзеня 2019 года.