10 змяненняў, якія чакаюць беларусаў у 2019-ім годзе
- 30.12.2018, 21:10
Новаўвядзенні наступнага года.
Belsat.eu сабраў усе новаўвядзенні наступнага года.
«Дармаеды» будуць аплачваць гарачую ваду і ацяпленне па поўнай
Ужо з 1 студзеня беларусам, якія трапілі ў так званую базу «незанятых у эканоміцы», не змаглі пацвердзіць, што працуюць, і маюць ва ўласнасці кватэру, будуць налічваць падагрэў вады поўным тарыфам.
А з 1 кастрычніка ў 100% памеры «дармаеды» таксама будуць аплачваць ацяпленне і газ у газавых калонках.
Камуналку станем аплачваць на 100%
Жыроўка для сям’і з трох чалавек, якая жыве ў стандартнай двухпакаёвай кватэры, падаражэе не больш, чым на $5 – абяцае ўрад. Тарыфы будуць павялічвацца ў два этапы. З 1 студзеня прыкладна на $ 3,9 вырастуць кошты на газ, электрычнасць, халодную ваду, каналізацыю, капітальны рамонт дому, прыборку. З 1 чэрвеня яшчэ на $1 падвысіцца кошт ацяплення і падагрэву вады. Цяпер субсідуемы тарыф складае Br 16,9259 за 1 Гкал, а будзе – Br 18,4831.
Таксама вышэйшым стане поўны тарыф (той, па якім будуць аплочваць ацяпленне і гарачую ваду «дармаеды») – з Br 81,42 вырасце да Br 88,99.
Як сцвярджаюць чыноўнікі, у 2019 годзе мы будзем аплочваць ужо 100% ад поўнай сумы.
Базавая велічыня вырасце з Br24,5 да Br25,5
Гэтай велічынёй у нас вымяраюцца штрафы і некаторыя выплаты.
Яшчэ менш тавараў з-за мяжы можна будзе прывезці без мыты
З 1 студзеня змяняюцца ліміты на ўвоз рэчаў з-за мяжы для асабістага карыстання. Цяпер без аплаты мыта можна будзе правезці ў Беларусь не больш за 25 кілаграмаў рэчаў на суму да 500 еўра. Гэта для тых, хто ездзіць за мяжу радзей, чым раз на тры месяцы. Для тых жа, хто вандруе часцей, ліміты застаюцца ранейшымі – максімальна 20 кілаграмаў і 300 еўра.
За перавышэнне нормаў давядзецца заплаціць 30% ад кошту тавару, але не менш за 4 еўра за кожны лішні ці даражэйшы кілаграм. Абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўласныя рэчы, якія людзі бяруць з сабой у дарогу.
Па пошце з-за мяжы можна будзе замовіць 31 кілаграм на 200 еўраў
Вось толькі гэта сума пасылак у месяц. Разавая норма на бяспошлінную пасылку, як і раней - 22 еўры і 10 кілаграмаў.
З 2 студзеня Польшча не будзе выдаваць візы «за пакупкамі»
Цяпер давядзецца выбіраць іншую мэту паездкі – турызм, гаспадарчая дзейнасць, спорт, культурная дзейнасць, паездка ў госці, лячэнне, адукацыя і г.д. Ад візы «на закупы» ўсе гэтыя мэты адрозніваюцца тым, што трэба будзе прадстаўляць пацверджанне месца пражывання ў Польшчы – бронь гатэля ці запрашэнне ад сяброў ці родных. Абавязкова трэба пацвярджаць плацежаздольнасць.
Яшчэ на паўгода павялічваецца пенсійны ўзрост
З 1 студзеня 2019-га года на заслужаны адпачынак змогуць пайсці мужчыны, якія дасягнулі 61 года і 6 месяцаў і жанчыны – 56 гадоў і 6 месяцаў.
Пенсійны ўзрост працягне падвышацца на паўгады штогод да 2022 года, пакуль не складзе 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын.
Таксама з 1 студзеня вырасце і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання поўнай працоўнай пенсіі. З новага года ён будзе складаць 17 гадоў, і таксама будзе павялічвацца да 2025 года, пакуль не дасягне 20 гадоў.
Увойдзе ў дзеянне абноўлены Падатковы кодэкс
Новая версія Падаткавага кодэкса запрацуе з 1 студзеня. Яна прадугледжвае наступныя змены: спрашчэнне адміністравання падаткаў, змяненне падыходу да налічэння пені, адмену стаўкі падатку на недабудаваную нерухомасць, адмену права мясцовых Саветаў дэпутатаў павялічваць да дзесяці разоў стаўку падатку на аб’екты нерухомасці ці зямельныя ўчасткі з абʼектамі, што не выкарыстоўваюцца ці выкарыстоўваюцца неэфектыўна.
Вырастуць пенсіі і аклады вайскоўцаў
З 1 студзеня ваенныя пенсіянеры будуць атрымліваць пенсіі, большыя прыкладна на 6%. Таксама зменяцца памеры акладаў ваеннаслужачых тэрміновай службы. У новым годзе яны будуць атрымліваць ад Br 29,25 да Br 62,79 штомесяц.
Беспрацоўныя змогуць атрымліваць бальнічныя лісты
З 31 студзеня па-новаму будуць афармляць і выдаваць бальнічныя. Гэтая змена закране, напрыклад, бацькоў у дэкрэтным адпачынку і бацькоў дзяцей-інвалідаў. Каб атрымаць бальнічны ліст, ім не трэба будзе больш пацвярджаць, што дзіця ходзіць у дзіцячы садок. Таксама атрымаць бальнічны зможа і асоба, не аформленая па даглядзе за дзіцём.
Акрамя, асобы, якія даглядаюць за дзіцём да 14 гадоў ці за дзіцём-інвалідам да 18 гадоў, пры атрыманні медыцынскай дапамогі ў стацыянары, змогуць працягнуць бальнічны на адзін дзень для даезду да месца жыхарства. Скарыстацца гэтай нормай можна будзе толькі ў тым выпадку, калі вярнуцца са шпіталя дамоў немагчыма ў дзень выпіскі.
Па новых правілах, бальнічны ліст змогуць атрымаць і беспрацоўныя. Важна – інфармацыя пра тое, што чалавек нідзе не працуе, не будзе перадавацца з паліклінікі ў базу дадзеных аб не занятых у эканоміцы.
Таксама даведкі аб часовай непрацаздольнасці будуць выдавацца асобам, якія даглядаюць за інвалідамі І групы. А ў перспектыве абяцаюць увесці электронныя бальнічныя лісты. Формы для іх ужо распрацаваныя.