BE RU EN

Якая імкнецца ўвысь: 10 фактаў пра алімпійскую чэмпіёнку Ганну Гуськову

  • 16.02.2018, 21:17

Пра што марыць і што любіць 25-гадовая фрыстайлістка, якая здабыла золата на Алімпіядзе.

1.Фрыстайлам Ганна Гуськова пачала займацца ў сем гадоў. Экстрэмальны від спорту выбралі для яе бацькі. Лыжная акрабатыка настолькі захапіла Ганну, што дзіцячыя мары стаць фатографам ці журналістам адышлі на другі план, піша «Трибуна».

2. Ганна марыла выйграць Алімпіяду, «каб час, аддадзены спорту, быў выдаткаваны не дарма».

3. Напярэдадні фіналу Алімпіяды ў сацыяльных сетках у спартоўкі стаяў статус: «Вецер - паветра, якое не любіць спакою».

4. Фрыстайлістка заўсёды баіцца, калі рыхтуе новы скачок:

- Калі чалавек не баіцца, значыць, з ім нешта не так, - прызналася Ганна ў інтэрв'ю «Прессболу». - Вось скачу на вадзе, затым еду на снег, следам вяртаюся на ваду - і зноў баюся. Хоць, здавалася б, чаго? Потым, праўда, абвыкаеш, усё роўна як зубы пачысціць з раніцы. Страх кожны па-свойму пераадольвае. Мы пераглядваемся адзін з адным: «Табе страшна?» - «Так». - «Мне таксама». - «Не бойся, усё будзе добра!». Ну а што яшчэ можна сказаць? Мне страшна толькі перад скачком. А калі наважылася, то баяцца ўжо няма часу - думкі толькі пра тое, як правільна выканаць яго тэхнічна.

5. За 15 секунд Ганна Гуськова можа падцягнуцца 10-11 раз. Зрабіць гэта з дадатковай вагой (блін 5-10 кг) для яе таксама не праблема.

6. Амаль увесь мінулы сезон Ганна прапусціла праз траўмы. На трэніроўцы дзяўчына няўдала прызямлілася і пашкодзіла меніск - давялося класціся на аперацыю.

7. Цяперашні сезон адзін з самых паспяховых у яе спартыўнай кар'еры. Ганна здабыла срэбра на этапе КС у фрыстайле ў Лэйк-Плэсідзе, выйграла этап Кубка свету ў фрыстайле ў Кітаі.

8. Галоўны трэнер каманды Беларусі ў фрыстайле Мікалай Казека ўяўляў, на што здольная Ганна Гуськова.

«Зразумела, ведаў, як яе «трасе» на ключавых стартах. І прадбачліва засцерагаў ад залішніх чаканняў, піша «Прессбол».

- Гуськова і Раманаўская рэальна могуць прэтэндаваць на медалі толькі пры ўдалым збегу абставінаў, - казаў ён за два тыдні да старту Гульняў, калі ўжо цяперашняя лідарка каманды на ўсю моц выконвала скачкі, якімі цяпер валодаюць тры-чатыры спартоўкі.

Патэнцыял Ганны вы лёгка бачылі б, калі б зазіралі пагуляць у бадмінтон на веладром «Менск-Арэны», дзе часам трэніруюцца лыжныя акрабаты ў тыдні рэдкіх вяртанняў на радзіму».

9. Любіць татуіроўкі. Першую зрабіла ў сямнаццаць гадоў.

Сёння ў Ганны тры татуіроўкі, і толькі адну з іх яна называе сэнсавай. На ключыцы ў дзяўчыны напісана Provehito in Altum, што ў перакладзе з латыні значыць «Імкніся ўвысь».

- Дэвіз не толькі пра фрыстайл, хоць блізкі гэтаму віду спорту. Ва ўсім па жыцці трэба імкнуцца ўгору - і толькі наверх і ніякіх падзенняў, - распавядала спартоўка ў інтэрв'ю tut.by.

На думку Ганны, татуіроўкі дапаўняюць яе, раскрываюць яе характар.

- Яркія вобразы і вольныя думкі, імкненне да выказвання індывідуальнасці - мне здаецца, што гэта пра новае пакаленне беларусаў... У маім выпадку проста хочацца жыць па максімуму. Не забіваць галаву меркаваннем старонніх, не думаць пра старасць. Гэты час надыдзе, а пакуль трэба атрымліваць асалоду ад жыцця, - мяркуе Ганна.

10. Ганна Гуськова хоча заняцца дызайнам адзення пасля заканчэння спартовай кар'еры. Пакуль шчыльны графік трэніровак і спаборніцтваў не пакідае часу на шыццё.

Апошнія навіны