BE RU EN

Тэрэза Мэй заклікала ЕЗ укласці новую дамову бяспекі

  • 18.02.2018, 20:43

Дакумент павінен дзейнічаць пасля выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвязу.

Вялікабрытанія і Еўразвяз павінны ўкласці новую дамову бяспекі, якая будзе дзейнічаць пасля выхаду краіны з ЕЗ, заявіла брытанская прэм'ерка Тэрэза Мэй, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі ў суботу, 17 лютага, паведамляе DW.

«Бяспека Еўропы - гэта і наша бяспека, таму я казала раней і паўтараю сёння, што Вялікабрытанія безумоўна настроеная на яе захаванне», - падкрэсліла Мэй. Яна дадала, што абмен разведвальнай інфармацыяй паміж Лонданам і ЕЗ і супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі павінны працягнуцца і пасля «Брэксіту». Выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу павінен адбыцца ў сакавіку 2019 года.

Мэй выключыла правядзенне новага рэферэндуму што да «Брэксіту»

Са слоў брытанскай прэм'еркі, новае пагадненне ў пытаннях бяспекі дазволіць Вялікабрытаніі захаваць сяброўства ў паліцэйскай арганізацыі ЕЗ, Еўрапола, і хутка экстрадзіраваць падазраваных.

Пры гэтым Вялікабрытанія мае намер выйсці з-пад юрысдыкцыі Суда Еўрапейскага Звязу. Гэта, зрэшты, не павінна ўскладніць супрацоўніцтва паміж Лонданам і ЕЗ, упэўненая Мэй. «Мы павінны рабіць тое, што з'яўляецца найбольш практычным і прагматычным ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі», - падкрэсліла яна.

Мэй перакананая, што ідэалагічныя рознагалоссі не павінны стрымліваць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі паміж Вялікабрытаніяй і ЕЗ пасля «Брэксіту». З ейных слоў, нельга дапусціць, каб «жорсткія інстытуцыйныя абмежаванні» стрымлівалі гэтае супрацоўніцтва і «ставілі бяспеку нашых грамадзян пад пагрозу».

У той жа час Мэй катэгарычна выключыла магчымасць правядзення паўторнага рэферэндуму што да «Брэксіту». «Мы выходзім з ЕЗ, і пра другі рэферэндум ці пра тое, каб павярнуць назад, не можа быць і гаворкі», - заявіла яна.

Апошнія навіны