У Беларусі з'явіўся дадатак для паведамленняў пра браканьераў
- 3.02.2018, 18:32
Ён можа перадаваць фота і каардынаты з месца браканьерства ў дзяжурную службу прыродаахоўнай інспекцыі.
Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету запусціла дадатак для паведамленняў аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства ў рэжыме онлайн. Кожны, хто ўсталюе яго на сваім мабільным тэлефоне, зможа зафіксаваць парушэнне - лоўлю рыбы ці паляванне забароненымі прыладамі, у забаронены час і гэтак далей.
Пры наяўнасці інтэрнэту фота з апісаннем можна будзе адправіць у дзяжурную службу Дзяржаўнай інспекцыі, - паведамляецца на сайце арганізацыі.
Дзяжурная служба аўтаматычна атрымае і каардынаты, дзе было зроблена фота, і, калі спатрэбіцца, зможа хутка адправіць групу ў пазначанае месца. Калі праграма будзе дапрацаваная, паведамленні будуць паступаць не толькі ў дзяжурную частку, але і на смартфоны супрацоўнікаў найбліжэйшай міжраённай інспекцыі.
Пакуль дадатак распрацаваны для аперацыйнай сістэмы Android, таксама плануецца распрацоўка для iOS. Усім карыстальнікам дадатку Дзяржаўная інспекцыя гарантуе ананімнасць.