Кіраўніка гомельскага райвыканкама звольнілі за прагулы
- 13.04.2018, 21:59
Дзе цяпер Аляксандр Сітніца - невядома.
З афіцыйнага сайту Гомельскага райвыканкама знікла інфармацыя аб тым, што Аляксандр Сітніца з'яўляецца старшынём выканкама. У выканкаме, куды дзеўся іхні начальнік - паведаміць не змаглі. Бліжэй да вечара з'явілася інфармацыя, што Аляксандр Сітніца звольнены за прагулы.
На працягу дня журналісты tut.by спрабавалі высветліць абставіны адстаўкі кіраўніка Гомельскага райвыканкама.
Крыніца ў райвыканкаме паведаміла, што тыдзень таму Сітніца ўзяў лісток непрацаздольнасці, а пазней прыйшла папера аб тым, што цяпер за ўсё будзе адказваць першы намеснік старшыні Аляксей Жарнасек. На ўсе пытанні аб Сітніцу ён адказаў: «Не ведаю».
У прымальні кіраўніка райвыканкама сказалі, што не валодаюць інфармацыяй пра месцазнаходжанне Сітніцы. «Калі міліцыя не ведае, то мы пагатоў не ведаем», - сказалі там.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Аляксандр Сітніца затрыманы праваахоўнымі органамі. Мясцовы інтэрнэт-рэсурс «Сильные новости» піша, што на пачатку мінулага тыдня ў дачыненні да старшыні Гомельскага райвыканкама праваахоўныя структуры пачалі праверку наконт магчымай карупцыйнай дзейнасці. Аднак ніякіх крымінальных спраў пакуль заведзена не было - гаворка ішла толькі аб праверцы. Але практычна адразу пасля яе пачатку Аляксандр Сітніца і перастаў з'яўляцца на працы і выходзіць на сувязь.
У абласной управе і цэнтральным апараце Следчага камітэта крымінальнай справы ў дачыненні да Сітніцы няма.
Ва УУС Гомельскай вобласці сказалі, што ім нічога невядома пра былога кіраўніка райвыканкама.
Толькі пад канец дня стала вядома, што Сітніцу звольнілі за прагулы. «У адпаведнасці з распараджэннем старшыні Гомельскага аблвыканкама з 12 красавіка 2018 года Сітніца А.М. вызвалены ад пасады за грубае парушэнне сваіх працоўных абавязкаў (прагулы)», - паведамілі БелТА ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
Аб ягоным месцазнаходжанні па-ранейшаму нічога невядома.
Аляксандр Сітніца ўзначальваў Гомельскі райвыканкам з 2009 года.