BE RU EN

РФ рыхтуецца да татальнай «малочнай вайны» з Беларуссю

  • 5.04.2018, 21:50

Як Масква плануе папоўніць дэфіцыт «малочкі» і куды пойдуць 86% беларускай прадукцыі ад агульнага аб'ёму імпарту?

Мы напоім расейцаў айчынным малаком, а беларусам давядзецца шукаць новыя рынкі збыту. Такую заяву зрабіў міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў. Як Масква плануе папоўніць дэфіцыт «малочнай прадукцыі» і куды пойдуць 86 адсоткаў беларускай прадукцыі ад агульнага аб'ёму імпарту?

Пройдзе 5-7 гадоў, і расейскія вытворцы малака цалкам закрыюць дэфіцыт на ўнутраным рынку, упэўнены міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў.

«Вядома, гэта магчыма. Таму што 75 працэнтаў аб'ёму спажывання мы ўжо запаўняем. Хоць гэта не проста. Гэта не па пстрычцы пальцаў - і вось, малочныя рэкі і тварожныя берагі. Але гэта магчыма», - кажа «Белсату» дырэктар Інстытута рэгіянальных праблем Дзмітрый Жураўлёў.

Пакуль жа грандыёзным планам перашкаджае хіба што нядобрасумленная канкурэнцыя суседзяў - маўляў, пастаўкі сухога абястлушчанага малака з Беларусі, са слоў міністра, дэмпінгуюць пры пастаўках у Расею, зніжаюць экспартныя кошты амаль кожны месяц. Ды яшчэ і парушаюць санітарныя правілы. Так што піць давядзецца... сваё!

Ці гатовыя жыхары Бранска перайсці на айчыннае малако?

«Падтрымліваем. Замежнае малако, якое ўвозіцца, з нейкім парашком, і такой пасрэднай якасці наогул стала»

«Ні тлустасці няма, ні смаку. Беларускае нашмат смачнейшае»

«Я думаю, усякая прадукцыя павінна быць. І беларуская, і расейская. У чалавека павінна быць права выбару».

«У нас ферма побач, таму я і так бяру сваё малако»

«Ну а што, з голаду будзем паміраць? Таксама будзем купляць, што зробіш»

Папоўніць малочны дэфіцыт Расеі давядзецца даволі сур'ёзны - на заяву намесніка старшыні ўрада Аркадзя Дварковіча, недахоп ўласнай вытворчасці малака дасягае 25 працэнтаў ад агульнага аб'ёму спажывання: замест 40 мільёнаў тон у год расейскія вытворцы забяспечваюць краіну толькі трыццаццю адным мільёнам тон малака.

«Наогул малочная галіна, не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі, ды і ва ўсім свеце, гэтая не тая галіна, ад якой можна чакаць вельмі хуткую і добрую аддачу. Гэтая галіна цяжкая, з вельмі доўгімі перыядамі акупнасці і з вельмі значнымі аб'ёмамі інвестыцый, якія неабходна зрабіць, каб атрымаць вынік», - адзначае выканаўчы дырэктар «Саюзмалако» Арцём Бялоў.

А таму ў вырашэнні гэтага пытання актыўна дапамагае Беларусь. Агульны аб'ём імпарту з гэтай краіны на расейскі рынак у 2017-ім годзе, паводле звестак Федэральнай мытнай службы, складае 86 працэнтаў. Цяпер жа для таго, каб прадаць гэтыя аб'ёмы, Беларусі давядзецца шукаць альтэрнатыўныя рынкі.

Пакуль паміж Масквой і Менскам ідуць малочныя войны, падрыхтоўка да імпартазамяшчэння ў самой Расеі ідзе поўным ходам, пра што сведчыць і нядаўняя статыстыка: паводле вынікаў студзеня імпарт малочнай прадукцыі ў краіну скараціўся за год на чвэрць.

Апошнія навіны