Украінцы - лідары ў куплі зямлі ў Польшчы
- 8.04.2018, 20:59
Украінцы ў мінулым годзе выйшлі ў лідары паводле куплі зямельнай нерухомасці ў Польшчы.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Укрінфарм». Больш падрабязна пра гэта - украінскі карэспандэнт «Радыё Рацыя» Марцін Война.
- Толькі ў мінулым годзе грамадзяне Украіны атрымалі 134 дазволы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы на набыццё зямлі, што складае блізу 50% усіх дазволаў на куплю зямельнай нерухомасці, выдадзеныя замежнікам. Для параўнання, у 2016 годзе ўкраінцы атрымалі 47% такіх дазволаў.
Прычыны зацікаўленасці ўкраінскіх грамадзян у польскай зямельнай нерухомасці выключна эканамічныя. Польскія аграрныя законы значна больш ліберальныя, чым украінскія. Да таго ж у Польшчы значна лепшая аграрная інфраструктура і высокая культура земляробства.
Паводле прагнозаў аналітыкаў, найбліжэйшым часам цікавасць украінцаў да набыцця зямлі ў Польшчы будзе толькі ўзрастаць.