BE RU EN

New York Times даведалася пра пытанні Мюлера да Трампа аб Расеі

  • 1.05.2018, 14:28

Спецпракурор перадаў адвакатам прэзідэнта ЗША больш чым 40 пытанняў.

Спецпракурор ЗША Роберт Мюлер, які расследуе меркаванае ўмяшанне Расеі ў выбары амерыканскага прэзідэнта, перадаў адвакатам Дональда Трампа спіс больш чым з 40 пытанняў, якія могуць паставіць дзейнага кіраўніка дзяржавы ў цяжкае становішча.

Пра гэта ў панядзелак, 30 красавіка, паведаміла газета The New York Times (NYT) са спасылкай на копію пераліку пытанняў, атрыманую з крыніцы, не звязанай з адвакатамі Трампа, паведамляе «Нямецкая хваля».

Як адзначае выданне, Мюлер жадае атрымаць больш інфармацыі пра сувязі Трампа з Расеяй і высветліць, ці перашкаджаў той ягоным расследаванням і калі так, то ў якой ступені. Спецпракурор, напрыклад, жадае атрымаць больш інфармацыі пра вобраз мыслення Трампа, пра матывы прэзідэнта падчас публікацыі найбольш жорсткіх твітаў і аб ягоных стасунках з прадстаўнікамі найбліжэйшага атачэння.

Гаворка ідзе, у тым ліку, аб звальненні былога кіраўніка ФБР Джэймса Комі і былога дарадцы Трампа ў пытаннях бяспекі Майкла Фліна.

Некаторыя з пытанняў

Адно з пытанняў Трампу, згодна NYT гучыць так: «Што вы ведалі аб тэлефонных перамовах паміж Флінам і амбасадарам Расеі ў ЗША Сяргеем Кісляком у канцы снежня 2016 года?» Іншае - «Як была прынятая пастанова аб звальненні Фліна 13 лютага 2017 года?» Яшчэ шэраг пытанняў гучаць наступным чынам: «Якая была мэта вячэры з Комі 27 студзеня 2017 года і што абмяркоўвалася падчас гэтай сустрэчы?», «У чым прычына вашай сталай крытыкі ў адрас Комі і ягонага былога намесніка Эндру Маккейба

Як адзначае NYT, гэтыя і іншыя пытанні даюць рэдкую магчымасць даведацца пра расследаванне Роберта Мюлера, які пазбягае публічных выступаў і інтэрв'ю. Магчымасць допыту Трампа спецпракурорам абмяркоўваецца ўжо многія тыдні. У нейкі момант Трамп выказаў гатоўнасць даць паказанні пад прысягай. Але затым ягоныя адвакаты параілі не рабіць гэтага - з боязі, што Трамп можа сказаць што-небудзь, што пасля будзе выкарыстанае супраць яго.

Апошнія навіны