На мітынгу ў Маскве затрымалі да 30 чалавек
- 13.05.2018, 20:55
У акцыі «За свабодны інтэрнэт» удзельнічалі блізу пяці тысяч расейцаў.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі да 30 чалавек на мітынгу «За вольны інтэрнэт», які праходзіць на праспекце Сахарава ў Маскве. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў каардынатар «Левага фронту» Сяргей Удальцоў.
Ён заявіў, што затрымалі чалавек 25-30, прадстаўнікоў «Левага фронту», анархістаў, іншых арганізацый. «Цяпер іх вывелі за агароджы, саджаюць у аўтобусы», - сказаў Удальцоў. Паводле ягоных слоў, прэтэнзіі паліцыі ў тым, што актывісты прамаўлялі палітычныя лозунгі, якія не адпавядаюць тэматыцы мітынгу.
Мітынг «За вольны інтэрнэт» супраць блакавання Telegram быў узгоднены з уладамі. У ім быў заяўлены ўдзел да пяці тысяч чалавек.
Каля сцэны сабраліся ўдзельнікі мітынгу са сцягамі партый ПАРНАС, «Яблоко», «Дэмакратычны выбар», «Рэвалюцыйнай рабочай партыі», «Левага фронту», іншых левых, а таксама нацыяналістычных рухаў.
Мітынг адкрылі матэматык Дзмітрый Багатаў і ягоная жонка Таццяна Фёдарава. Людзі, якія сабраліся скандуюць лозунгі ў абарону вольнага інтэрнэту і з крытыкай улады.
Арганізатары акцыі назвалі яе мэтай «прыцягнуць увагу грамадскасці да абмежаванняў доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і інтэрнэт-інструментаў, да крымінальных спраў за «падабайкі і рэпост», да дзеянняў Роскомнадзора, да абмяжавання канстытуцыйных правоў грамадзян, заклікаць да адстаўкі кіраўніка Роскомнадзора Аляксандра Жарова, да вызвалення палітвязняў, рэпрэсаваных за інтэрнэт-справы».