BE RU EN

Украіна збіраецца ператварыць Крым у выспу

  • 26.05.2018, 20:50

Суднаходны канал злучыць парты Адэсы і Марыупаля.

Украінскія і турэцкія крыніцы паведамляюць пра пачатак даследчых работ аб праекце 20-кіламетровага суднаходнага канала праз Перакопскі пярэсмык. Агульная працягласць фарватэру канала (Перакоп - Чангарская пратока - затока Сіваш - Арабацкая стрэлка) складзе амаль 120 км, піша сайт glavnoe.ua.

Распрацоўку гэтага маштабнага праекта ажыццяўляе група спецыялістаў з Украіны, Нямеччыны, Вугоршчыны і Турцыі, удзельнікі якой нядаўна абследавалі меркаваную трасу канала, паведаміла выданню «20 хвілін» прадстаўнік Украіны ў праекце, вядучы інжынерка «УкрГідрапраекта» Таццяна Луніна.

Паводле ейных слоў, трэба будзе не толькі вырыць канал шырынёй амаль 100 метраў праз Перакопскі пярэсмык і Арабатскую стрэлку, але і пракласці фарватар глыбінёй 10-15 метраў праз Чангарскую пратоку і Сівашы.

Як стала вядома рэдакцыі «20 хвілін», 20 сакавіка, падчас сустрэчы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з прэзідэнтам Турцыі Раджэпам Таіпам Эрдаганам абмяркоўвалася пытанне ўдзелу турэцкіх кампаній у будаўніцтве Чарнаморска-Азоўскага канала ў абмен на ўдзел Турцыі ў распрацоўцы газавых радовішчаў на Сівашы.

Таксама, са звестак крыніц у Кабінеце міністраў, праект гатовы інвеставаць вядомы амерыканскі фінансіст Джордж Сорас, які апошнім часам праяўляе асаблівую цікавасць да Украіны.

Чарнаморска-Азоўскі суднаходны канал дазволіць наўпрост злучыць парты Адэсы і Марыупаля, тым самым істотна спрасціўшы марскія транспартныя плыні паміж усходам і паўднёвым захадам Украіны, якія ўскладніліся ў сувязі з расейскім кантролем над Керчанскай пратокай. Таксама кіраўніцтвам Украіны канал разглядаецца як абарончае збудаванне на паўднёвых рубяжах краіны.

Рэакцыя афіцыйнай Расеі на планы Кіева аб будаўніцтве Чарнаморска-Азоўскага канала пакуль невядомая. Але, аналітыкі мяркуюць, што Крэмль будзе чыніць перашкоды гэтаму праекту.

Таксама, магчымыя пратэсты эколагаў, якія мяркуюць, што будаўніцтва канала можа чыніць шкоду ўнікальным саляным і біярэсурсам Сіваша.

Характэрна, што канал паміж Чорным і Азоўскім морамі існаваў яшчэ ў сярэднія вякі, але пасля ўключэння Таўрыды у склад Расейскай імперыі яго засыпалі, палічыўшы нерэнтабэльным, што ўскладняе злучэнне з Крымам.

Пасля паразы Расеі ў Крымскай вайне 1853-1856 гадоў англа-французская кампанія планавала пачаць будаўніцтва канала, аднак расейская дыпламатыя сарвала гэтую задуму.

Улетку 1920-га з ініцыятывы барона Урангеля, каб засцерагчы Крым ад нашэсця бальшавікоў і махноўцаў, таксама планавалася пракапаць канал паміж Крымам і мацерыковай часткай Украіны. Тады урады Вялікабрытаніі і Францыі абяцалі Урангелю падтрымку, але брытанскія і французскія спецыялісты адмовіліся прыехаць на будаўніцтва канала, баючыся за сваю бяспеку.

У канцы 1942 года ў акупаваны Крым гітлераўская Нямеччына таксама мела намер пракласці суднаходны канал паміж Чорным і Азоўскім морамі праз Перакоп і Сіваш, каб звязаць захопленыя парты Адэсы і Таганрога. Тады да ўдзелу ў будаўніцтве канала немцы збіраліся прыцягнуць Турцыю, якой, у выпадку яе ўступлення ў вайну супраць СССР, абяцалі вярнуць Крымскую паўвыспу ў рамках крымска-татарскага пратэктарата.

У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя кіраўніцтва СССР таксама планавала пракласці Чарнаморска-Азоўскі канал для паляпшэння марскіх перавозак паміж партамі Таганрога, Марыупаля і Адэсы, асабліва ў восеньска-зімовы перыяд, калі праз штормы Керчанская пратока бывае закрытая для суднаходства тыднямі. Таксама, на думку савецкіх навукоўцаў, будаўніцтва канала дазволіла б палепшыць рыбныя запасы Азоўскага мора, якія пачалі вычэрпвацца. Аднак будаўніцтву тады перашкодзіла Афганская вайсковая кампанія і падзенне коштаў нафты, якія спустошылі бюджэт Савецкага Саюза.

Апошнія навіны