Леанід Судаленка: Чыноўнікі шукаюць нагоду
- 29.05.2018, 15:17
У Гомелі забаранілі пікет салідарнасці з прафзвязам РЭП.
29 траўня Гомельскі гарвыканкам адмовіў актывісту незалежнага прафзвязу РЭП Аляксандру Працко ў правядзенні пікета салідарнасці і падтрымкі лідараў прафзвязу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, піша гомельская «Вясна».
Як паведаміў Аляксандр Працко, ён заяўляў пікет на афіцыйна дазволеным мясцовымі ўладамі месцы - адкрытай пляцоўцы перад ДК ПУП «Віпра». Намеснік старшыні гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук адмовіў у правядзенні пікетавання на той падставе, што «ў паказаным месцы 1 чэрвеня з 16.00 да 19.00 запланаванае правядзенне мерапрыемства «Нашы дзеці», прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей».
«Паводле артыкула 9 закона аб масавых мерапрыемствах забараняецца правядзенне адначасова некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы», - лаканічна адказаў актывісту чыноўнік.
Прававы інспектар прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка адзначыў, што замест таго, што б садзейнічаць ажыццяўленню права на выказванне меркавання з выкарыстаннем мірнага сходу, гарадскія чыноўнікі ў гэтым канкрэтным выпадку шукаюць дадатковыя абмежаванні гэтых правоў.
«Павінна дзейнічаць прэзумпцыя на карысць правядзення сходу. У выпадку паступлення заявак аб правядзенні двух сходаў у адным і тым жа месцы і ў адзін і той жа час, міжнародныя стандарты патрабуюць распачаць максімум намаганняў для забеспячэння іх правядзення», - заявіў прафсаюзны юрыст.
Сёння стала вядома, што ў правядзенні пікета салідарнасці з прафзвязам РЭП забарону атрымаў і прафсаюзны актывіст Дзяніс Рабянок у Калінкавічах. Там чыноўнікі запатрабавалі папярэдняга ўкладання аплатных дамоваў на абслугоўванне пікету міліцыяй, хуткай дапамогай і мясцовымі камунальнікамі пра прыборку тэрыторыі.
Пікеты салідарнасці ў падтрымку прафзвязу РЭП у Гомельскім рэгіёне таксама былі заяўленыя на 1 чэрвеня ў Мазыры, Светлагорску і Ветцы, аб выніках якіх інфармацыя пакуль не паступала.