Вакульчык: Інфармацыя аб карупцыйным выкрыцці будзе дапаўняцца
- 28.06.2018, 21:56
Кіраўнік КДБ паабяцаў новыя падрабязнасці паводле «справы медыкаў».
Грамадскасці на гэты момант пададзеная яшчэ не ўся інфармацыя аб здзейсненых Камітэтам дзяржбяспекі карупцыйных выкрыццях, у тым ліку ў медыцынскай сферы, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык 28 чэрвеня журналістам у Савеце Рэспублікі, паведамляе tut.by.
«Натуральна, што ў гэтых пытаннях следства працягваецца, і тую інфармацыю, якую маглі, мы далі, - сказаў Вакульчык. - Цяпер уся праца, аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы накіраваныя на поўны, усебаковы разбор у гэтых матэрыялах. Вядома, гэта зойме досыць доўгі час. Я так думаю, двума-трыма месяцамі мы ў найлепшым выпадку [абмяжуемся], таму што аб'ём працы ў следчых вельмі вялікі».
Са слоў кіраўніка КДБ, апублікаваная інфармацыя не носіць вычарпальнага характару. «Інфармацыя будзе дапаўняцца. Па меры магчымасці мы будзем яе падаваць. Пытанняў там дастаткова шмат, кожны эпізод трэба даследаваць і даказваць. Там жа не толькі адзін чалавек, і па кожным шэраг эпізодаў», - заявіў ён.
Адказваючы на пытанне пра далейшы лёс знятага з пасады за заступніцтва незаконнага сямейнага бізнэсу экс-міністра энэргетыкі Уладзіміра Патупчыка, Вакульчык паведаміў, што ён не затрыманы і не знаходзіцца пад следствам.
25 чэрвеня Вакульчык паведаміў аб выкрыцці маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя. «За ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 (атрыманне хабару), 431 (дача хабару) і 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) КК затрыманыя, узятыя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго - больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам», - сказаў кіраўнік КДБ.