BE RU EN

Пяць прадуктаў, якія трэба есці штодня

  • 29.07.2018, 15:17

Карысныя парады ад дыетолага.

Каб быць здаровым і энэргічным, трэба ўважліва ставіцца да рацыёну. Напрыклад, ведаць, калі і якія прадукты лепш ужываць, піша дыетолаг Маша Яфросіна ў калонцы для «Нового Времени»:

Прадукт №1. Садавіна

Гэта вельмі аб'ёмнае паняцце, садавіны сапраўды шмат, таму развею самыя ходкія памылкі.

Садавіна можа нашкодзіць, бо ў ёй ёсць фруктоза, якая ў вялікіх колькасцях нават больш шкодная, чым цукар. Таму садавіну неабходна ўжываць да абеду, калі абмен вугляводаў у арганізме адбываецца больш актыўна.

Я ем садавіну на сняданак, раблю з яе салаты і зусім ні ў чым сябе не абмяжоўваю. Стараюся пры магчымасці ўжываць сезонную садавіну, але ўзімку гэта складана. Таму тады пераходжу на мандарыны, апельсіны і бананы.

Усё павінна быць у меру, і садавіна таксама. Гісторыя пра тое, каб вечарам, шчыльна павячэраўшы, з'есці місачку садавіны, – няправільная. Я таксама так рабіла, калі худнела: з'ядала на вячэру рыбу з гароднінай, а потым закусвала яблыкамі. Бо думала, што ад садавіны не можа быць шкоды. Але шкода ёсць, бо гэта цукар.

Садавіну трэба з'ядаць да асноўнага прыёму ежы, бо яна стварае закісанне, якое згубна ўплывае на страваванне і вырабляе таксіны. А вось калі за 20 хвілінаў да ежы вы з'ясце банан, фруктовую салату ці яблык, то, па-першае, трохі насыціцеся і за абедам шмат не з'ясце. Па-другое, садавіна перастравуецца вельмі хутка, і ніякага закісання не адбудзецца. Арганізм будзе вам удзячны. Па-трэцяе, такі правільны, рацыянальны прыём ежы не загубіць вас, а наадварот – насыціць вітамінамі. Простая ракіроўка – і ваш шлях да даўгалецця ўжо адкрыты.

Прадукт №2. Гародніна

Тут таксама ёсць свае сакрэты. Для пачатку падзялю гародніну на сырую і апрацаваную. Сырую гародніну рэкамендуецца ўжываць на сняданак ці абед, а вечарам аддаваць перавагу гародніне апрацаванай, бо кішачнік тады працуе па-іншаму.

Гародніна павінна складаць 70% рацыёну. Яна здольная дапамагчы перастрававаць нават самую складаную ежу. У мінулым, калі ў мяне была моцная залежнасць ад салодкага і я сядзела на дыетах, спецыялісты рэкамендавалі нават цукерку з'ядаць з салатай. Гэта мяне шакавала.

Гародніна – гэта яшчэ і выдатныя супы-пюрэ, якія з'яўляюцца выдатным выйсцем у любой сітуацыі. Хочаш есці – пі, кажуць спецыялісты. Калі да абеду яшчэ шмат часу, а галадаць вам нельга, гэта найлепшае выйсце. У мяне заўсёды пад рукой невялікі тэрмас агародніннага супу-пюрэ, вядома ж, без вяршкоў, смятаны і маянэзу. Гэта цудоўны і карысны перакус, асабліва на здымках, дзе, як правіла, прапануюць у асноўным бутэрброды.

Мігдал называюць жаночым арэхам, таму што ад яго не папраўляюцца

Прадукт №3. Мігдаловыя арэхі

Гэтыя ўнікальныя арэхі са мной заўсёды. Па-першае, у іх вельмі шмат карыснага – бялкі, тлушчы, магній, які, дарэчы, змагаецца са стрэсам і дэпрэсіямі. Мігдал называюць жаночым арэхам, таму што ад яго не папраўляюцца, ён добра ўплывае на абмен рэчываў.

Вядома, калі я кажу, што ад яго не папраўляюцца, гэта не значыць, што трэба з'ядаць паўтара кілаграма мігдалу, інакш вам проста будзе дрэнна. Гэта павінна быць невялікая жменя, якая змяшчаецца ў далонь. Ужываць варта асобна ад асноўнага прыёму ежы. У маім выпадку гэта падвячорак.

Прадукт №4. Збожжавыя

Цяпер збожжавыя сталі спрэчнай тэмай, бо палова чалавецтва выступае супраць глютэну, які ўтрымліваецца амаль ва ўсіх крупах, акрамя грэчкі, рысу і кукурузы. Калі ў вас няма непераноснасці глютэну, то адмова ад яго – гэта поўнае трызненне. Бо тады вы пазбаўляеце сябе клятчаткі і карысных мікраарганізмаў, якія ўтрымліваюцца ў збожжавых і за якія кішачнік вам заўсёды шалёна ўдзячны.

Калі непераноснасць ёсць, то тады, вядома, ратуйце сябе. Калі ўсё ў парадку, то ешце хлеб, хлебцы, крэкеры і іншае з суцэльнага зерня. Я праціўніца цеста накшталт булак і круасанаў, у якіх толькі белая мука, маргарын, цукар і напаўняльнікі. А цэльназерневымі хлебам або кашай раніцай, якія патрэбныя для ачысткі арганізму, не грэбуйце. Вугляводы патрэбныя, як і садавіна, у першай палове дня.

Прадукт №5. Бялок

Бялок – гэта нашы мышцы, косткі, зрок, валасы, пазногці, энэргія, усе нашы абменныя працэсы. Для мяне бялок – гэта 30–40% рацыёну. У маім выпадку – гэта рыба, птушка і сыры.

Не сілкуючыся паўнавартасна і не атрымліваючы з ежай усе неабходныя рэчывы і элементы, я не змагла б рабіць столькі працы, колькі выконваю. Упэўненая, што кожнаму чалавеку трэба мяняць сваё стаўленне да сілкавання і не ленавацца.

Апошнія навіны