Як Лукашэнка прыгрэў у Беларусі «клан Бакіева»
- 29.07.2018, 22:17
Дыктатар дае прытулак усім уцекачам ад рэвалюцый.
Міністэрства замежных справаў Кыргызстана выклікала афіцыйнага прадстаўніка Беларусі – часовага паверанага Сяргея Іванова – для перадачы ноты пратэсту, піша сайт тэлеканала «Белсат».
Афіцыйны Бішкек паведаміў, што мяркуе абсалютна непрымальным пражыванне і вядзенне бізнэсу ў Беларусі былога прэм'ер-міністра Кыргызстана Даніяра Усенава, які мае пашпарт беларускага грамадзяніна Данііла Урыцкага. Дыпламатычны пратэст звязаны з публікацыямі пра пачатак будоўлі пад Рудзенскам буйной вытворчасці «Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай кампаніі». Дырэктар БНБК, створанай указам Лукашэнкі, – Данііл Урыцкі, той самы кіргізскі беглы прэм'ер. «Белсат» паведамляў пра яго яшчэ ў пачатку года.
«Кіраўніком БНБК, генеральным дырэктарам з'яўляецца Данііл Урыцкі, ён жа Даніяр Усенаў, былы прэм'ер-міністр Кыргызстана, які асуджаны ў сваёй краіне за саўдзел у забойстве людзей і перавышэнні службовых паўнамоцтваў на пажыццёвае зняволенне, і ён абвешчаны ў вышук», – кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Ярашэвіч.
Дырэктар БНБК не захацеў размаўляць з журналістамі, аднак сказаў, што Даніяр Усенаў, паводле ягонай інфармацыі, памёр 5 гадоў таму ў Малайзіі.
«Гэтыя людзі накралі ў сябе на радзіме і нясуць сюды грошы. Тут жа ўвесь клан бакіеўскі сядзіць: кіраўнік ягонай аховы, які забіваў, гэты прэм'ер, які асуджаны на пажыццёвае», – адзначае палітык Мікола Статкевіч.
Кыргызстан патрабуе экстрадыцыі Даніяра Усенава з Беларусі, гэтак жа як і былога прэзідэнта Курманбека Бакіева.
Яны абодва нясуць адказнасць за расстрэл дэманстрантаў у красавіку 2010 года ў Бішкеку. Тады адбылася рэвалюцыя, выкліканая нізкім узроўнем жыцця і татальнай карупцыі – усе сферы улады і галіны бізнэсу кантралявалі сваякі і сябры Бакіева. Загінулі 84 асобы, паўтысячы атрымалі раненні. Зрынуты дыктатар уцёк у Беларусь і заявіў, што ён жывы і легітымны.
«Мой народ перажывае страшную трагедыю. Банда самазванцаў абвясціла сябе ўладай і чыніць бязмежжа», – казаў Курманбек Бакіеў у красавіку 2010 года.
Цяпер Курманбек Бакіеў, завочна асуджаны на 24 гады турмы, жыве ў Менску, пабудаваў сабе дом у Драздах, побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі. Таксама ў Менску жыве ягоны брат Жаныш Бакіеў, удзельнік карупцыйных схемаў, завочна асуджаны на пажыццёвае зняволенне за забойства.
«Лукашэнка дае прытулак усім уцекачам ад рэвалюцый. Усім незаконным дыктатарам, бандытам, якія атрымалі ўладу, забівалі людзей», – кажа Статкевіч.
Нота пратэсту ў сённяшніх умовах не прывядзе да экстрадыцыі Даніяра Усенава, мяркуе Уладзімір Мацкевіч. Пакуль Бішкек у пытанні «бакіеўскага клана» ў Беларусі выяўляе слабасць судовай сістэмы і дыпламатыі, не пераследуючы злачынцаў на поўную сілу.
«Наўрад ці пры цяперашнім урадзе Беларусі Бакіева і Усенава могуць выдаць. Бо час прайшоў досыць вялікі, і калі б былі пераканальныя доказы, гэта было б зроблена», – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
Таксама варта мець на ўвазе, што Кыргызстан уваходзіць у Еўразійскі эканамічны звяз, дзе пытанні правоў чалавека і дэмакратыі ўважаюцца менш важнымі, чым бізнэс-інтарэсы.