Аляксей Венедыктаў выйшаў з рады дырэктараў «Эхо Москвы»
- 30.07.2018, 17:03
Галоўны рэдактар радыёстанцыі патлумачыў гэта жаданнем пазбегнуць канфлікту інтарэсаў.
Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў пакінуў сваю пасаду у радзе дырэктараў радыёстанцыі.
«Я пакінуў раду дырэктараў «Эхо Москвы». Мінарытарыеў цяпер там будзе прадстаўляць мая намесніца Кацярына Годліна», - напісаў Венедыктаў у сваім Telegram-канале.
У размове з РБК ён паведаміў, што пастанова сысці з рады дырэктараў была прынятая праз «канфлікт інтарэсаў». «Я сышоў з рады дырэктараў, яна пераабраная. Я не выставіў сваёй кандыдатуры, а выставіў кандыдатуру сваёй намесніцы», - сказаў ён.
Са слоў Венедыктава, ён прадстаўляў у радзе дырэктараў мінарытарных акцыянераў - 34%.
«Генеральным дырэктарам быў прапанаваны бюджэт, супраць якога я пярэчыў, аднак большасць ухваліла гэты бюджэт. Я галасаваў супраць. У мяне паўстаў канфлікт інтарэсаў», - растлумачыў ён, паказаўшы на тое, што з аднаго боку ён быў галоўным рэдактарам, а з другога - чальцом рады дырэктараў.
«Падчас абмеркавання высветлілася, што Пуцін, кажучы аб фінансаванні «Эхо Москвы», меў рацыю. У тым сэнсе, што генеральны дырэктар браў крэдыты, гэта значыць нас крэдытаваў Газпромбанк. Я пярэчыў Уладзіміру Уладзіміравічу. Калі меркаваць, што крэдытаванне - гэта фінансаванне, то Пуцін ведаў больш, што адбываецца ў «Эхо Москвы», чым галоўны рэдактар і чалец рады дырэктараў», - заявіў Венедыктаў.
У сярэдзіне чэрвеня на пасаду генеральнага дырэктара «Эхо Москвы» сходам акцыянераў радыёстанцыі была пераабраная Кацярына Паўлава. Яна займае гэтую пасаду з 15 чэрвеня 2015 года.
Як адзначаў тады сам Венедыктаў, «Газпром-Медыя холдынг», які валодае 66% акцый радыёстанцыі, кандыдатуру Паўлавай падтрымаў, тады як мінарытарныя акцыянеры былі з яе кандыдатурай не згодныя.
«Мы галасавалі супраць», - заявіў Венедыктаў.
Ён дадаў, што астатнія 34% «Эхо Москвы» належаць кампаніі, у якой ягоная дзель складае 49%, і мінарытарныя акцыянеры кампаніі хочуць падняць пытанне аб тым, ці павінна Паўлава займаць пасаду гендырэктаркі.