Расея ўвяла падаткі на тавары з ЗША
- 6.07.2018, 15:38
Сумы падаткаў складуць ад 20 да 40%.
Расея адказала на падвышэнне ЗША падаткаў на расейскія сталь і алюміній павелічэннем увазных падаткаў на шэраг амерыканскіх тавараў, гаворыцца ў рэлізе, распаўсюджаным прэс-службай Мінэканомразвіцця РФ. У міністэрстве патлумачылі, што прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў ужо падпісаў пастанову ўрада аб увядзенні падвышаных ставак для некаторых тавараў з ЗША, аналагі якіх вырабляюцца ў Расеі, паведамляе РБК.
«Пад [кампенсавальныя] захады падпадаюць некаторыя тыпы будаўніча-дарожнай тэхнікі, нафтагазавага абсталявання, інструменты для апрацоўкі металаў і для бурэння скальных парод, а таксама оптавалакно», - растлумачыў кіраўнік Мінэканамразвіцця Максім Арэшкін.
Са слоў міністра, павышаныя стаўкі ўвазных падаткаў на гэтыя тавары будуць устаноўлены ў суме ад 25% да 40%.
Кіраўнік Мінэканомразвіцця растлумачыў, што за кошт павелічэння падаткаў будзе кампенсаваная толькі частка шкоды ад абмежаванняў, уведзеных ЗША - $87,6 млн з $537,6 млн.
«Гэта кампенсацыя, на якую, паводле правілаў СГА, Расея цяпер мае права», - растлумачыў Арэшкін. Для пашырэння захадаў у адказ Расеі спатрэбіцца пастанова Сусветнай гандлёвай арганізацыі аб неадпаведнасці амерыканскіх захадаў правілам СГА. Акрамя таго, Расея зможа ўвесці новыя абмежаванні па сканчэнні трох гадоў з пачатку дзеяння дадатковых падаткаў у ЗША (гэта значыць, 21 сакавіка 2021 года).