Анджэй Дуда: Мы павінны выбудоўваць сяброўства паміж Польшчай і Украінай
- 8.07.2018, 18:38
У Луцку прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 75-й гадавіне Валынскай трагедыі і памяці яе польскіх ахвяр.
З удзелам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кафедральным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Луцку адбылася памінальная імша, якую цэлебраваў мітрапаліт Львоўскі, арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, паведамляе «Радыё Польшча».
На казані арцыбіскуп Макшыцкі сказаў, што польскія ахвяры Валынскай трагедыі захоўвалі веру і трымаліся да канца, нягледзячы на велізарныя пакуты:
«Няхай іх душы спачываюць з мірам, бо мы пра іх памятаем, давнрыўшы Богу ўжо чарговым, ужо 75-м разам, усіх ахвяр вар'яцкай ідэалогіі, паўтараючы за святым Янам Паўлам II, словы, сказаныя ім у Львове падчас паломніцтва ва Украіну: «Няхай прабачэнне, дадзенае і атрыманае, разальецца як дабрадзейны бальзам у кожным сэрцы. І хай ачышчэнне гістарычнай памяці дапаможа ставіць вышэй тое, што аб'ядноўвае, чым тое, што дзеліць».
Праграма памятных мерапрыемстваў уключала таксама наведванне прэзідэнтам Польшчы пасёлка Алыкі для ўшанаванняў ахвяраў польска-ўкраінскага канфлікту перыяду Другой сусветнай вайны і ўскладання вянкоў да месца брацкай магілы забітых палякаў. Гэта тэрыторыя ўжо не існых цяпер польскіх вёсак.
Анджэй Дуда на памятных мерапрыемствах заклікаў да сяброўства паміж Польшчай і Украінай.
«Мы павінны будаваць дружалюбныя стасункі паміж Польшчай і Украінай. Сёння ў нас ёсць агульныя асцярогі, агульныя клопаты і агульныя думкі пра бяспеку», - сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас памятных мерапрыемстваў на могілках у Алыцы, прысвечаных 75-й гадавіне Валынскай трагедыі.
Польскі прэзідэнт падкрэсліў, што Валынская трагедыя - гэта страшная старонка ў гісторыі польскага і ўкраінскага народаў, напоўненая пакутай і ўзаемнымі крыўдамі. Пры гэтым Анджэй Дуда падкрэсліў, што ён прыбыў у Алыку, перш за ўсё, каб памаліцца за ахвяр Валыні. Са слоў кіраўніка польскай дзяржавы, падмуркам стасункаў паміж Польшчай і Украінай павінна быць праўда. «Не можа быць і гаворкі пра помсту. Вядома, застаўся боль. Але я веру, што надыдзе час, калі зажывуць страшныя раны, якія сыходзяць крывёй у сэрцах з аднаго і іншага боку», - сказаў Анджэй Дуда.
Дуда адзначыў, што Польшча імкнецца падтрымліваць Украіну ў яе імкненні ў Еўрапейскі Звяз і барацьбе за цэласнасць межаў.
Са слоў польскага прэзідэнта, сёння мноства грамадзян Украіны прыязджае ў Польшчу, і што палякі гэтаму рады. У звароце да ўкраінцаў Анджэй Дуда сказаў: «Мы вітаем вас з распасцёртымі абдымкамі. Прыязджайце да нас як турысты, а для тых, хто хоча ў Польшчы працаваць, месца таксама знойдзецца. Я веру, што мы разам пабудуем паспяховую будучыню нашых народаў».