Трамп: Калі мне абвесцяць імпічмент, я думаю, рынак абрынецца
- 23.08.2018, 18:44
Пры гэтым прэзідэнт ЗША ўважае імпічмент малаімаверным, бо ён «выдатна робіць сваю працу».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што эканоміка краіны абрынецца, калі яму абвесцяць імпічмент, паведамляе «Голос Америки».
У інтэрв'ю праграме Fox&Friends Трампу было зададзенае пытанне, ці ўважае ён, што дэмакраты пачнуць працэдуру імпічменту, калі атрымаюць большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў, як падазраюць многія.
Прэзідэнт ЗША сказаў: «Калі мне абвесцяць імпічмент, я думаю, рынак абрынецца. Я думаю, усе стануць беднымі».
Пры гэтым Трамп выказаў сумнеў у тым, што імпічмент наогул можа здарыцца. «Не ведаю, як можна абвесціць імпічмент таму, хто выдатна робіць сваю працу», - сказаў ён.
У тым жа інтэрв'ю прэзідэнт ЗША выказаў меркаванне, што супрацоўніцтва са следствам у абмен на змякчэнне пакарання павінна быць незаконным, бо гэта «несправядліва». На яго думку, людзі, якія супрацоўнічаюць са следствам, проста «выдумляюць гісторыі». Гэтая заява звязана з тым, што былы адвакат Трампа Майкл Коэн нядаўна прызнаў сваю віну ў шэрагу абвінавачванняў, у тым ліку ў махінацыях з бюджэтам перадвыбарчай кампаніі, якія, са слоў юрыста, праводзіліся з ведама Трампа. Прэзідэнт ЗША ўважае, што Коэн дае следству ілжывыя паказанні, што кампраметуюць яго, каб дамагчыся больш выгоднай угоды.
Апошнім часам Трамп імкнецца дыстанцыявацца ад Коэна. У інтэрв'ю прэзідэнт ЗША назваў яго «юрыстам па сумяшчальніцтве», адзначыўшы, што праблемы з законам узніклі ў Коэна ў сувязі з іншым яго бізнэсам, у тым ліку з нью-ёркскай таксаматорнай кампаніяй.