На Алтаі пуцінская партыя вылучыла ў дэпутаты 55 чалавек з судзімасцямі
- 25.08.2018, 18:35
Сярод іх ёсць і тры дзейных чыноўнікі, якія плануюць абірацца на новы тэрмін.
У Рэспубліцы Алтай мясцовае аддзяленне партыі "Адзіная Расея" вылучыла ў якасці кандыдатаў у муніцыпальныя дэпутаты 55 чалавек з судзімасцямі, паведамляе «Радыё Свабода».
Біяграфіі кандыдатаў падрабязна вывучыў партал Una Cultura на аснове звестак, апублікаваных рэгіянальным выбаркамам. Сярод тых, у каго былі праблемы з законам, ёсць і тры дзейныя чыноўнікі, якія плануюць абірацца на новы тэрмін. Некаторыя кандыдаты маюць некалькі судзімасцяў.
Большасць чальцоў партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, асуджаныя паводле артыкулаў "Крадзеж", "Растрата" і "Хуліганства". Сярод іншых злачынстваў выкраданне паветраных або водных суднаў і нават "цягніка", а таксама "пагроза забойствам" і "свядома хлуслівы данос".
Кандыдат у дэпутаты Кош-Агацкага раёна быў прызнаны вінаватым у фальсіфікацыі довадаў і вынікаў аператыўна-вышуковай дзейнасці, а прадстаўнік "Адзінай Расеі" на выбарах дэпутатаў Бяшпельтырскага паселішча меў судзімасць за згвалтаванне. Рэкардсмэнам у колькасці крымінальных артыкулаў стаў індывідуальны прадпрымальнік Амыр Калташаў, які абіраецца ва Усць-Канскі савет дэпутатаў, - у яго пяць судзімасцяў.
Адзін чалавек быў зняты з выбараў за ўтойванне судзімасці за забойства.
Атрымаць каментар у рэгіянальным аддзяленні палітычнай партыі "Адзіная Расея" карэспандэнту не ўдалося. На пазначаных на сайце тэлефонах ніхто не адказаў.
Выбары ў Рэспубліцы Алтай пройдуць 9 верасня. У гэты дзень тут будуць абіраць дэпутатаў раённых і сельсаветаў, кіраўнікоў муніцыпалітэтаў.